СМАРГОНЬ БЫЛА ЗНІШЧАНАЯ РАСЙЦАМІ НЕМЦАМІ

7 чэрвеня 2008 г. Партугальская газэта “Jornal de Noticias” публікуе артыкул пра старэйшага чалавека ў Эўропе. 112-гадовы Гэнры Элінгхэм зьяўляецца адначасова старэйшым з жывых вэтэранаў Першай сусьветнай вайны. Ён захаваў яснасьць розуму, любіць успамінаць мінуўшчыну, распавядае цікава і вобразна. Падчас вайсковых цырымоніяў вэтэран бадзёра вітае шыхты, якія ідуць парадным крокам.

Наш камэнтар: У прынцыпе на працягу некалькіх апошніх пакаленьняў тэма Вялікай вайны 1914-18 гадоў была гвалтоўна выкрэсьлена з беларускай гісторыі і беларускага кантэксту. Беларусаў на той вайне як бы й не было, не існавала. Аднак, у апошнія гады расейскі імпэрскі афіцыёз вельмі часта стаў карыстацца матэр'яламі той вайны ў сувязі з чарговым “переосмысленіем” расейскай гісторыі (а менавіта, рэабілітацыяй цара Мікалая ІІ, арыентацыяй на “веру, царя і отечество” і г.д.). Прамаскоўскі афіцыёз у РБ пачаў паслухмяна імітаваць “гістарызм” у тым жа самым накірунку, што й маскоўскія гаспадары-натхняльнікі. Раптам успомнілі, што ў Беларусі адбываліся вялікія бітвы той вайны, загінула шмат людзей і г.д. Пачалі нават “дзейнічаць”. Нядаўна афіцыёз паведаміў, што пад Смаргоньню ўсталяваны помнік герою смаргонскай бітвы 1915-17 гадоў. (Смаргонь была тады знішчаная расейцамі і немцамі). Маўляў, падчас нямецкай газавай атакі нейкі палкоўнік-грузін павёў у атаку свой аддзел у расейскіх шынялях. Людзі ня надта рваліся ў атаку. Тады грузін сарваў з сябе газавую маску і павёў аддзел за сабой. Ягоны прыклад паўтарылі ўсе афіцэры. Усе яны загінулі. (Так прынамсі пра гэта паведаміла БТ і “адміністрацыія презідента”).

Узьнікае некалькі рытарычных пытаньняў. Чаму, усталёўваючы помнік, успомнілі перш за ўсё пра каго заўгодна, але не пра беларусаў (якіх безьліч было на Смаргонскім фронце)? Чаму абралі менавіта такі абсурдны “подзьвіг” “за веру, царя і отечество” (нешта ня верыцца, каб сапраўды адбылася такая бязглуздая падзея)? Тыповы беларускі афіцэр безумоўна забясьпечыў бы сваіх падначаленых сродкамі абароны ад атрутных рэчываў, а потым ужо вырашаў бы баявую задачу ў складаных умовах. Але для прамаскоўскага афіцыёзу заканамерна не знайшлося месца для беларусаў на Вялікай вайне. Іх там нібыта не было...

Алесь Хадасевіч