“УЗНАЛ! ЭТО КАРЛ І МАРКС”
12 чэрвеня 2008 г. Нямецкая газэта “Frankfurter Allgemeine Zeitung” публікуе ў рубрыцы “Нацыянальны характар” артыкул пад тытулам “Супэртурыст”. Аўтар разважае пра турыстаў розных нацыянальнасьцяў і вызначае паводле шэрагу крытэраў зьбіральны вобраз турыста — найбольш цікаўнага, дысцыплінаванага, неканфліктнага, культурнага... Першае месца ў гэтай імправізаванай гэрархіі занялі японцы, наступнае — амэрыканцы і г.д. Расейцы патрапілі ў канец сьпіса разам з індыйцамі і кітайцамі (не цікавяцца культурнымі помнікамі, шмат пьюць і г.д).
Наш камэнтар: Беларусаў тэарэтык турызма нават не згадаў. Трэба прызнаць, што большасьць тэарэтыкаў і практыкаў турыстычнага бізнэсу сапраўды не здагадваецца пра існаваньне такога народу і ягоных прадстаўнікоў. Як правіла (па-за рэдкім выключэньнем) грамадзяне РБ размаўляюць па-расейску. Ня дзіва, што на фоне ўсіх астатніх тургрупаў (якія сьпяваюць родныя песьні, размаўляюць на родных мовах, носяць у галаве сваёй туркалёны нацынальны сьцяг) беларусы менавіта так і выглядаюць: расейскай правінцыяй. Адносіны да іх адпаведныя. Эстонскую групу ў Будапэшце і Празе абавязкава паселяць на ціхім баку гатэля, а групу з РБ — над аўтастаянкай або над аўтастрадай, дзе грукат і смурод. Беларусам замест кляштара 12-га стагоддзя з старажытнымі фрэскамі абавязкава падсунуць забэтаніраваны псэўдагатычны аб'ект з кардоннымі бутафорскімі прадметамі “под старіну”. Бо ведаюць, што нашых людзей лёгка падмануць.
Хітрыя арганізатары не здагадваюцца, што за прычына такой наіўнасьці. А мы прычыну ведаем. У істінно русскіх школах РБ на працягу шэрагу пакаленьняў наагул не вывучалася гісторыя культуры. Затое “родная речь” па маскоўскім падручніку і матэматычныя формулы былі па шэсьць разоў на тыдзень. Цікава, што дагэтуль гісторыя выяўленчага мастацтва зусім не вывучаецца нават у нашых мастацкіх школах і ў школах з “мастацкім ухілам” (па-за вельмі рэдкім выключэньнем). А нядаўна прамаскоўскі рэжым ашчасьлівіў народ чарговай рэформай адукацыі. У школах ліквідаваны два спэцкурсы: сусьветная культурная спадчына і гісторыя Беларусі. Затое для “родной речі” застанецца больш месца...
Ня трэба зьдзіўляцца, што пасьля такой апрацоўкі грамадзянін РБ, убачыўшы выяву сьвятых Пятра і Паўла, радасна гукае: “Узнал! Это Карл Маркс и Фридрих Энгельс! Вот видите, их тут тоже чтят...”
Алесь Хадасевіч