ЧАРГОВЫ ФАКТ ВЫНІШЧЭНЬНЯ БЕЛАРУСІ
Працягваецца поўным крокам вынішчэньне рэшты беларускіх арганізацыяў. Акупацыйная палітыка этнацыду і разбурэньня беларускай грамадзянскай супольнасьці на справе не заціхала ніколі. Асноўная мэтода гэтай палітыкі — яе плянавасьць і павольнасьць рэалізацыі (дзеля пазьбяганьня пратэстаў; маўляў, нацыя павінна прызвычаіцца да сваёй сьмерці). Але ў канцы працэсу (па меры вынішчэньня) павінна адбывацца яго інтэнсіфікацыя, дзеяньні стануць што раз больш брутальныя і груба рэпрэсіўныя. Калі антыбеларускі рэжым праіснуе гэтак яшчэ даўжэйшы час, то дзеяньні яго, з цягам аслабленьня беларускай супольнасьці, абавязкова скончацца фізічным знішчэньнем людзей. Ніжэй прыводзім тэкст заявы Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры, якая сьведчыць пра сутнасьць гэтай палітыкі.
Зянон Пазьняк
“У 2004 г., у Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры незаконна нацыяналізавалі на карысць дзяржавы будынак, які быў адроджаны ў Траецкім прадмесці за сродкі арганізацыі, як практычна і ўсе будынкі гэтага гістарычнага кварталу. У ў дзяржавы хапіла сумлення зрабіць былога інвестара арандатарам, а зараз, у выкананні чарговага прэзідэнтскага ўказу па эканамічнаму знішчэнні грамадзянскай супольнасці, з Таварыствам не працягнута дамова арэнды, і арганізацыі прапанавана 15.05.2008 г. да 15:00 пакінуць свае памяшканні.
Таварыства не згадзілася пакінуць памяшканне, і паведаміла арэндадаўцу пра свой намер дамагацца не толькі працягу дамовы арэнды, але ж арэнды бясплатнай. У адказ, КУП “Менская спадчына” — прадпрыемства падпарадкаванае Менгарвыканкаму, якое з'яўляецца арэндадаўцам, без афіцыйнага папярэджання, у адсутнасть прадстаўнікоў Таварыства, апячатала офіс Рэспубліканскай і Менскай гарадской радаў грамадскага аб'яднання.
Задушэнне арганізцыі праз пазбаўленне юрыдычнай адрэсы Таварыства разглядае, як помсту дзяржаўных органаў грамадзкаму аб'яднанню, якое за апошні год актывізавала сваю працу ў галіне маніторынгу за выкананнем заканадаўства па ахове помнікаў, інфармавання беларускага грамадства і міжнароднай супольнасці па фактах яго парушэння, якое ў Беларусі наагул і Менску, ў прыватнасці, набыло татальны характар.
Рэспубліканская і Менская гарадская рады заяўляюць, што дзеянні купкі карумпаваных служачых Менгарвыканкаму і работнікаў “Менскай спадчыны” разглядае, як цынічную правакацыю і выклік грамадзкай ініцыятыве ў Беларусі. Кіраўніцтву Менгарвыканкаму і яго структурных падраздзяленняў, якое даўно манапалізавала права вызначаць горадабудаўнічую палітыку толькі на карысць папаўнення сваех уласных кішэняў, не атрымаецца задушыць інфармаванне грамадства пра факты адвольнага абыходжання з ахоўным заканадаўствам.
Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры будзе працягваць сваю дзейнасць у любых умовах, нават пры пазбаўленні рэгістрацыі. У сучасны момант толькі прынцыповай і бескампраміснай пазыцыяй можна спыніць гвалт над нашымі нацыянальнымі гісторыка-культурнымі здабыткамі”. (Падпісана Старшынёй Рэспубліканскай рады Антонам Астаповічам і Старшынёй Менскай гарадской рады Зміцерам Каспяровічам. 26.05.2008 г.)
-Інф-