РАСПРАВА РЭЖЫМУ НАД БЕЛАРУСКІМ ШКОЛЬНІКАМ

Падзеі ў Салігорску якраз паказваюць на бруталізацыю рэпрэсіяў супраць беларусаў. Рэжым ужо абсалютна не праймаецца існаваньнем якіх бы там ні было законаў, сэнсам і, тым больш, рэакцыяй асяроддзя. Даюць выразна зразумець, што беларусаў перасталі лічыць за людзей, што гэта маса, якую можна не прымаць пад увагу. Далей цытуем з прэс-рэлізу Маладога Фронту, дзе гаворыцца пра дзікі ўчынак рэжыму (чытай — КГБ) — выключэньне са школы вучня Івана Шылы за беларускі патрыятызм і прыхільнасьць да дэмакратыі.

Зянон Пазьняк

“У сярэднюю салігорскую школу № 4 прыехала камісія з адзьдзелу адукацыі Менвыканкама. Камісія сабрала на раду выкладчыкаў і паставіла перад імі патрабаваньне аб ануляваньні вынікаў іспытаў Івана Шылы на падставе ягонай актыўнай грамадзкай дзейнасьці і шматразовых затрыманьняў за ўдзел у вулічных акцыях пратэсту.

Аднак настаўнікі адмовіліся выконваць загад менскай камісіі, прыняўшы рашэньне аб мэтазгоднасьці далейшага ўдзелу Івана ў іспытах. У сувязі з гэтым рашэньнем, дырэктар школы Сянькова Вольга Іванаўна напісала заяву аб звальненьні са сваёй пасады па асабістым жаданьні, матываваўшы гэта тым, што ў яе узьнікнуць сур'ёзныя праблемы. Намесьніца дырэктара па выхаваўчай працы Семчанкова Алена Мікалаеўна пісаць заяву адмовілася і была прымусова звольнена менскім кіраўніцтвам.

Таксама камісія паставіла двум намесьнікам дырэктара, якія засталіся на сваёй працы, — гэта Кашталян Валянціне Міхайлаўне і Янкоўскай Ірыне Вячаславаўне, — ультыматум, паводле якога яны будуць звольнены з працы, калі Іван зьявіцца заўтра на апошні іспыт — на ангельскую мову.

У дадатак да гэтага, намесьнікам дырэктара загадалі скласьці сьпіс усіх настаўнікаў Івана, у якім мусяць быць імёны і месцы працы іхніх сужэнцаў (гэта заказ КГБ, мэтад палітычнага зыску, грубае парушэньне правоў асобы).

“Відавочна, што дзеяньні менскай камісіі накіраваны на запужваньне непакорных настаўнікаў, — гаворыць Іван Шыла. — Але мае настаўнікі зазначылі, што не зьбіраюцца забараняць мне прыходзіць на іспыт. Я ж, канешне, вельмі зьдзіўлены мужнасьцю гэтых людзей і ўдзячны ім за падтрымку”.

Пазьней рашэньнем камісіі Салігорскага аддзелу адукацыі (пры ўдзеле прадстаўнікоў Менаблвыканкаму) Іван Шыла быў выключаны са школы (заўважце, не Педагагічнай радай школы, дзе вучыўся вучань, а бюракратычнай “інстанцыяй”). Свае рашэньне камісія аргумеэтавала тым, што Іван Шыла неаднаразова парушаў унутраны распарадак школы, які забараняе вучням прымаць удзел у несанкцыянаваных акцыях. З юрыдычнага пункту гледжаньня дадзенае рашэньне выглядае абсалютна абсурдным, — пішуць сябры Івана Шылы, — бо нават калі удзел у акцыях лічыць парушэньнем, то прыцягваць за гэта да адказнасьці Івана павінны былі значна раней, а не за дзень да фактычнага сканчэньня школы. Тым больш абсурдным было патрабаваньне чыноўнікаў з Менаблваканкаму ануляваць вынікі іспытаў не таму, што яны лічаць завышанымі адзнакі за іспыты, а на падставе парушэньня ім унутранага распарадку школы.

-Інф-