НАРОДНЫ МЭМАРЫЯЛ КУРАПАТЫ. 20 ГАДОЎ

(выступ на 20-я ўгодкі адкрцьця Курапатаў)

Дарагія землякі, дарагія сябры.

Мінула 20 гадоў з таго часу, як Беларусь даведалася пра Курапаты. Памятаем, што гэтая падзея ўскалыхнула народны дух, узрушыла і мабілізавала людзей дамагацца волі, праўды і справядлівасьці. Усё гэта засьведчыла, што, нягледзячы на 70 гадоў савецка-расейскай няволі і вынішчэньня, наш народ ёсьць духоўна жывы і здольны змагаца за агульную справу. Рэчаіснасьць паказала, што менавіта з Курапатаў адбыўся штуршок, які прывёў да ўтварэньня Беларускага Народнага Фронту. Менавіта адсюль, ад гэтых расстрэльных магілаў, пачалося зьмёртвыхустаньне Беларускай нацыі, якую ўжо зьбіраліся пахаваць ворагі Беларушчыны. Курапаты займаюць асаблівае месца ў Беларускай гісторыі і культуры.

Гэта сакральнае месца нашага мартыралогу і нашага новага Адраджэньня. Кожнае пакаленьне беларусаў павіна памятаць, шанаваць і берагчы гэтае знакавае і пакутнае месца.

Дзякуем сябрам з Радыё Свабода, якія парупіліся своеасаблівым чынам адзначыць 20-я ўгодкі адкрыцьця Курапатаў, арганізаваўшы конкурс “Мае фота — мае Курапаты”. Дзякуем усім удзельнікам гэтага конкурсу, якія адгукнуліся і прыслалі свае фотаграфіі. Гэтая праца і іхны ўдзел ня зьнікнуць, не змарнуюцца, а паслужаць беларускай гісторыі і навуцы.

Тут, гаворачы ў асяродздзі аднадумцаў, я хацеў бы паразважаць з вамі пра сэнс Курапатаў, пра зьмест нашай працы і пра будучыню Народнага Мэмарыялу. Вы зьяўляецеся сьведкамі, як крок за крокам, дзень за днём, ня гледзячы на цяжкасьці і разбурэньні, сакралізуюцца Курапаты, вырастаюць крыжы побач з соснамі, разьлягаецца хвойная ціша... Там, дзе пра памяць забітых сьведчыць мноства людзей, — там зьяўляецца і жыве шчыры народны дух. Гэта якраз адбываецца ў Курапатах.

Народны Мэмарыял быў запачаткаваны 29 кастрычніка 1989 года ўсталяваньнем агульнага Крыжа Пакуты ў памяць усіх расстраляных беларусаў. Потым доўгі час цягнулася барацьба з цемрашаламі, адбіваньне нападаў яўных і схаваных энкавэдзістаў. Беларускую грамадзкасьць у гэтай барацьбе ўзначальваў Беларускі Народны Фронт.

У 2000 годзе ідэя Народнага Мэмарыялу была сістэмна распрацаваная ў Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ. З гэтага ж году пачалося яе пасьлядоўнае ўвасабленьне. “Народны Мэмарыял” быў задуманы як вынік натуральнага народнага шэсьця і крыжаўсталяваньня. Побач з прыродным лесам, унутры яго і разам зь ім, мусіў паступова зьявіцца “Лес Крыжоў” як сымвал нявінна забітых душаў, што прарасьлі крыжамі і дрэвамі з палітай крывёю зямлі. Кожны беларус можа прынесьці ў Курапаты (ці замовіць прынесьці) свой Крыж у памяць расстраляных людзей. Такім чынам мэмарыял “Лес Крыжоў” — гэта неперапынны, вечны працэс народнай памяці. Стаўленьнем крыжоў у Курапатах народ заўсёды будзе сьведчыць аб сваёй памяці пра генацыд, а сам мэмарыял робіцца паказьнікам, “баромэтрам” гэтае памяці.

Мінула сем гадоў — і Народны Мэмарыял ёсьць. Ён існуе і рухаецца, кіруецца ў вечнасьць. Высілкі нашага руху, працы, сэрца і розуму — не змарнаваліся, не былі надарэмна.

Аднак, наперадзе працяг ня толькі працы, але і ідэі.

На пачатку тысячагоддзя рэжым вырашыў пракласьці шырокую аўтастраду праз Курапаты. Прытым паспрабавалі справу зьнішчэньня і справу абароны Курапатаў узяць у адны рукі. Але спробы праваліліся, дзякуючы, перш за ўсё, дакладнаму разуменьню сітуацыі і дакладным дзеяньням Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ. Тым ня менш, ускрай Курапатаў перарэзала шырокая шаша, па якой імчацца аўтамабілі.

Зыходзячы з канцэпцыі Народнага Мэмарыялу як вечнага разьвіцьця і абнаўленьня (вечнага агню Памяці), разбуральная дарога стала таксама часткай гэтай памяці і зьместу змаганьня за яе сэнс. Гэты “антыпомнік”, пракладзены на касьцях забітых, таксама мусіць быць мэмарыяльным, як дысананс і сьведчаньне падтрымкі генацыду нашчадкамі забойцаў.

Я ўяўляю гэтую дарогу, вымашчаную з абодвух бакоў (пазначаную наўзбоч ад асфальту) контурамі пахавальных пліт, безыменных, толькі даты: 1937-1941. Поўз іх, як поўз шэрагі душ, едуць аўтамабілі па дарозе, якую зрабіў разбуральнік. Паабапал дарогі, таксама, — крыжы і помнікі-скульптуры, у два чалавечыя росты, расстраляных людзей; глядзяць скамянелымі позіркамі на дарогу сучасных.

Ад Курапатаў дарога — у два канцы. І з абодвух канцоў Курапатаў стаяць дарожныя знакі абмежаваньня хуткасьці — 20 км. Гэтага дастаткова, каб расстраляныя каменныя Дзяды паабапал дарогі пазналі б і разглядзелі жывых. Сымволіка гэтай часткі Народнага Мэмарыялу: MOMENTO MORI — усё мінае, не мінае толькі сьмерць.

Зьменіцца час і сама дарога тут стане мёртвай. Па ёй ужо ня будуць езьдзіць машыны і зарастацьме травой... Яна стане экспанатам злачынства. І скамянелыя людзі-помнікі паабапал яе будуць яе дакорам.

Раз у год на Дзяды, разам з крыжамі, сюды прыносяць “Звон Свабоды”. Ён гучыць на Курапацкай Галгофе ў цэнтры Народнага Мэмарыялу. Не для мёртвых. Ён гучыць для жывых, каб над магіламі народа ўзмацнілі дух.

Жыве Беларусь і будзе жыць! Вечная памяць нявінна забітым беларусам! Вечная слава змагарам за шчасьце і долю Беларусі!

3 чэрвеня 2008 г. Зянон ПАЗЬНЯК