БЕЛАРУСЫ Ў БІТВЕ ЗА НІДЭРЛЯНДЫ
6 траўня 2008 г. Нідэрляндская газэта “De Standaard” піша пра адзначэньне 63-х угодкаў вызваленьня Нідэрляндаў ад нямецкай акупацыі. У Амстэрдаме адбыўся вялікі канцэрт у парку пад адкрытым небам. Прысутнічала каралева і іншыя афіцыйныя асобы. Выконвалася сімфанічная музыка. Канцэрт завяршыўся выкананьнем амэрыканскай песьні “We'll meet again” (“Мы сустрэнемся зноў”). Ангельская сьпявачка Вера Лін выконвала гэтую песьню ў ЗША, калі тысячы амэрыканскіх жаўнераў адплывалі на вайну ў Эўропу.
Наш камэнтар: Вядома, што значная частка амэрыканскага грамадзтва і палітычных сілаў была супраць удзелу амэрыканскай арміі ў вайне на эўрапейскім тэатры дзеяньняў. Многія меркавалі, што трэба абмежавацца вайной супраць Японіі на Ціхім акіяне. Людзі лагічна даводзілі: “Эўрапейцы самы дагуляліся з Гітлерам, няхай сёрбаюць гэтую кашу самы. Чаму мы павінны падстаўляць сваіх хлопцаў пад кулі?..” Але прэзыдэнту Рузвэльту ўдалося даказаць, што трэба разам ратаваць Эўропу ад карычнявай чумы. Дзесяткі тысячаў маладых амэрыканцаў загінулі, вызваляючы Заходнюю Эўропу. Пра гэта памятаюць удзячныя народы.
У бітве за Нідэрлянды беларускія жаўнеры і афіцэры змагаліся разам з мужнымі амэрыканцамі. Пасьля высадкі заходніх альянтаў у Нармандыі ў чэрвені 1944 г. на працягу трох месяцаў былі вызвалены большая частка тэрыторыі Францыі і Бэльгіі. Нямецкая армія распадалася і адступала. Брытанскі маршал Мантгомэры распрацаваў сьмелую, але рызыкоўную апэрацыю пад кодавай назвай “Маркэт-Гардэн”. У рамках найбуйнейшай паветрана-дэсантнай апэрацыі ў гісторыі войнаў дэсантныя дывізіі павінны былі захапіць масты ў тыле ў немцаў на тэрыторыі Нідэрляндаў, а таксама паралізаваць баявыя парадкі ворага. А тым часам насустрач ім павінна была прабіцца ударная групоўка асноўных войскаў з боку Бэльгіі. У выніку Мантгомэры плянаваў праламіць фронт, захапіць Рурскую вобласьць Нямеччыны — апірышча нямецкай прамысловасьці — і скончыць вайну да Калядаў 1944 г.
17 верасьня 1944 г. сотні транспартных самалётаў засьцілі неба над Англіяй і Францыяй. Гул матораў у вышыні быў настолькі моцны, што давялося спыніць ранішнія багаслужбы ў касьцёлах. Брытанскія дэсантныя групы захапілі большасьць вызначаных аб'ектаў у нямецкім тыле. Але разьлік на поўную дэмаралізацыю і дэзарганізацыю ворага быў памылковы. Немцам удалося самаарганізавацца і пачаць лютыя контраатакі. У наступныя дні ў Нідэрляндах высаджваліся амэрыканскія парашутысты і жаўнеры 1-й Польскай паветрана-дэсантнай брыгады генэрала Сасабоўскага, у якой служылі сотні беларусаў. Юнакі і мужчыны з заходніх вобласьцяў Беларусі былі мабілізаваны ў Войска Польскае ў 1939 г., ваявалі супраць нямецкай інвазіі і адышлі з палякамі ў Францыю, а потым у Вялікую Брытанію. Другая частка беларусаў патрапіла на Захад у складзе польскай арміі генэрала Андэрса, вырваўшыся з Савецкага Саюза (“нялюдскай зямлі”, як казалі тады беларусы) у 1942 г. Бітва за Нідэрлянды была адным з найбольш драматычных эпізодаў іхнага змагарнага шляху. Калі тысячы парашутыстаў апускаліся на зямлю, “немцы стралялі па нас, як па курапатках...” — успаміналі беларускія вэтэраны. У баях у раёне гарадоў Эйндховэн, Нэймэгэн і Арнхэм 1-я брыгада вызначылася сьмеласьцю і рашучасьцю, але панесла цяжкія страты. Рызыкоўны плян Мантгомэры, аднак, праваліўся. Парашутысты мусілі адбіваць нямецкія танкавыя атакі, маючы толькі лёгкую зброю. Захлынуўся і галоўны англа-амэрыканскі прарыў па дарозе на Рур. Праз тыдзень баёў пачалося адступленьне паводле загаду хаўруснага камандваньня. Упершыню за ўсю вайну пашкуматаныя часткі атрымалі загад не эвакуіраваць з сабой параненых. Настолькі вялікай была пагроза поўнага атачэньня і зьнішчэньня аддзелаў. Канчатковае вызваленьне Нідэрляндаў адбылося толькі ў траўні 1945 г.
Ня трэба крыўдаваць на нідэрляндцаў, што яны ня выканалі на ўрачыстым канцэрце беларускай песьні ў памяць аб нашых героях. Дзякуй, што іхныя магілы добра дагледжаны культурным народам. Хвалюе іншае. На працягу дзесяцігоддзяў подзьвіг нашых дзядоў, якія змагаліся на Захадзе, быў брутальна выкрэсьлены з беларускай гісторыі, школьных падручнікаў і народнай памяці. Паводле савецкай дактрыны, іх там “проста не было”. Тых вэтэранаў, якія вярнуліся ў падсавецкую Беларусь пасьля вайны (чатыры з паловай тысячы чалавек), НКВД арыштавала і выслала ў ГУЛАГ на працягу адной начы ў красавіку 1949 г. Да пачатку 1990-х гадоў іх афіцыйна не прызнавалі вэтэранамі вайны. Трэба вяртаць належнае ў нашу гісторыю і культуру. Пасьля краху антыбеларускага рэжыму на нашай зямлі і ў Заходняй Эўропе павінны паўстаць помнікі беларускім героям.
Валеры Буйвал