ШЫЗАФРЭНІЯ ПРАЦЯГВАЕЦЦА

“Амэрыканскія куткі” ў бібліятэках фармаваліся з кніг, якія прэзэнтавала амэрыканская амбасада. На адкрыцьцё куткоў і іх амаль штогадовае папаўненьне выдаткавана больш за 400 тысяч даляраў. Акрамя кніг, бібліятэкам перадаваліся аўдыё- ды відэаматэрыялы, кампутары й іншая аргтэхніка.

Меркавалася, што праз “амэрыканскія куткі” грамадзяне Беларусі даведаюцца больш пра ЗША.

У Магілёўскай абласной бібліятэцы “амэрыканскі куток” праіснаваў каля дзесяці гадоў. Цяпер яго закрылі

Ад 1998 году, калі зьявіўся куток, акрамя літаратуры, амэрыканская амбасада перадала бібліятэцы аўдыё- ды відэаматэрыялы, кампутары й іншую аргтэхніку. Цяперашні кошт кутка перавышае 27 тысяч даляраў.

Кожнае наведваньне Магілёва амбасадары ЗША выкарыстоўвалі, каб дапамагчы бібліятэцы. Так, 23 студзеня 2007 году Карэн Ст'юарт падчас апошняга магілёўскага візыту папоўніла “амэрыканскі куток” мультымэдыйным праектарам, лічбавай камэрай, музычным цэнтрам ды кнігамі. Акрамя таго, бібліятэка атрымала гадавую падпіску на дзесяць усясьветна вядомых часопісаў, сярод якіх “National Geographic”. Агульны кошт амэрыканскага падарунка бібліятэцы склаў 6,5 тысячы даляраў.

Напрыканцы 2005 году амбасадар Злучаных Штатаў Амэрыкі Джордж Крол адкрыў амэрыканскі куток літаратуры ў бабруйскай бібліятэцы. Гэтыя куткі існавалі ў дзясятках буйных гарадоў Беларусі. Магілёўскі журналіст Генадзь Суднік называе закрыцьцё “амэрыканскіх куткоў” невытлумачальнай недарэчнасьцю:

“Калі ўжо так далей пайсьці з гэтымі куткамі, то наступны крок будзе — вынішчэньне з нашых бібліятэк Гэмінгўэя, Майн Рыда, Марка Твэна, на якіх мы расьлі. Гэта нейкі жах. Гэта нейкая такая прыватная рэакцыя.”

Думаем, што камэнтаваць тут няма што. Вясеньняя паталогія. Няшчаснае грамадзтва.

(Паводле радыё Свабода)