“ТОЛЬКІ НЕ ПРА ГАЛОЎНАЕ”
4 траўня 2008 г. Славацкая газэта “SME” публікуе інтэрвію з маскоўскім журналістам, дырэктарам радыё “Эхо Москвы” Сяргеям Бунтманам. Гэта малады, вельмі інтэлектуальны чалавек. Перакладае сярэднявечную ангельскую і французкую паэзію. Пуцінскую “Едіную Россію” называе “не партыяй, а бюракратычнай групоўкай”. Кажа, што “Расеі трэба адмовіцца ад прыярытэту расейскай нацыянальнай ідэі і ад праваслаўнага мэсіянізму”. І г.д.
Наш камэнтар: Сапраўды, вельмі сьмелы і рашучы маскоўскі інтэлектуал. І Ганну Паліткоўскую асабіста ведаў... Але чаму ў прамове інтэлектуала не прасклізнула аніслова пра русіфікацыю нярускіх народаў, наагул пра лёс гэтых этнасаў, што жывуць у РФ? Можа таму, што славацкія калегі не дадумаліся яго пра гэта спытаць (Славаччына ў прынцыпе не імпэрыя, а монанацыянальная краіна з этнічнымі меншасьцямі)? Як заўсёды, атрымалася глыбакадумная размова з рускім госьцем пра ўсё і ні пра што. Толькі не пра самае галоўнае — пра тое, што ёсьць галоўнай сутнасьцю крамлёўскай імпэрыялістычнай палітыкі і адначасова галоўнай прычынай будучай катастрофы расейскай імпэрыі. А менавіта — пра імпэрыялістычную экспансію супраць Грузіі, Украіны і Беларусі. Пра пагрозу гэбоўскай крамлёўскай хунты для Эўропы і ўсяго чалавецтва. Гэтыя пра гэта ня спытаюць, а тыя нічога ня скажуць. Такі ўзровень і такая пазыцыя.
Юрка Марозаў