ЧАРНОБЫЛЬСКАЯ ХВІЛІНА СМУТКУ Ў КУРАПАТАХ
Сябры і прыхільнікі Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ атрымалі адмову ад Менскага гарвыканкаму на правядзеньне пікету ў цэнтры сталіцы ў памяць ахвяраў Чарнобыльскай катастрофы. Людзі вырашылі не далучацца да блюзьнерскага шэсьця на бангалорскае балота, якое ў чарговы раз арганізоўвала прамаскоўская псэўдаапазыцыя.
Раніцай 26 красавіка актывісты сабраліся ў Курапатах і правялі талаку на тэрыторыі Народнага Мэмарыялу. Добраўпарадкавалі магілы, рэстаўравалі крыжы. А 15:00 сабраліся каля Крыжа Пакутаў, запалілі сьвечкі і зьнічы, усклалі кветкі, засьпявалі гімн “Магутны Божа”. Быў заслуханы зварот сп. Зянона Пазьняка, Старшыні Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ Выступіў сп. Сяргей Папкоў, намесьнік старшыні Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ. Ён казаў пра нязгасную памяць аб страшнай бядзе, якая абрынулася на нашую зямлю 22 гады таму. Антыбеларускі рэжым абвясьціў “рэабілітацыю забруджаных радыяцыяй тэрыторыяў” і заклікае людзей вяртацца на атручаныя землі ды разгортваць там сельскагаспадарчую прадукцыю. Рэжым вырашыў зрабіць увесь беларускі народ, нашых дзяцей закладнікамі гэтай злачыннай палітыкі. Праводзіцца антыгуманны экспэрымэнт па выжываньні вялікіх папуляцыяў людзей, зьбіраецца экспэрымэнтальная статыстыка, у якой зацікаўлены міжнародныя атамныя лобі. Рэжым хоча, каб усе мы былі падвопытнымі жывёлінамі ў гэтым экспэрымэнце. Таму на беларускай зямлі разгортваецца пабудова непатрэбных, шкодных і сьмяротна небясьпечных аб'ектаў: атамнай станцыі на ўсходзе нашай краіны, заводу пэстыцыдаў непадалёк ад Менску, расейскіх ваенных аб'ектаў. Масква і яе паслугачы ўпэўнены, што наш народ ня будзе здольны на супраціў і абарону сваёй будучыні. Яны ўпэўнены, што нашу волю ўжо падарваў чарнобыль духоўны: русіфікацыя, здушэньне беларускай школы, мовы і культуры. Тыя ж самыя маскоўскія імпэрыялісты, якія арганізавалі для беларускага народу жудасную катастрофу, заяўляюць пра далучэньне Беларусі да расейскай імпэрыі. Але наш народ ведае, што галоўныя вынікі панаваньня расейскай імпэрыі на нашай зямлі — гэта Курапаты і Чарнобыль, мільёны нявінных ахвяраў, ізаляцыя нашага народу ад цывілізаванага сьвету, новыя страты і пакуты. Памятаючы аб нявінных ахвярах, беларускі народ павінен абараніць сваю Радзіму ад агрэсіўнай маскоўшчыны. Людзі памянулі памяць ахвяраў Чарнобыля хвілінай смутку і маўчаньня.
Інфармацыйная камісія Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ
26 красавіка 2008 г.