ЗЯНОН ПАЗЬНЯК: 22-Я ГАДАВІНА ЧАРНОБЫЛЯ

Дарагія землякі, дарагія фронтаўцы! У вельмі цяжкі час мы ўшаноўваем памяць пра Чарнобыльскую катастрофу — найвялікшую катастрофу ХХ стагоддзя і вялікае нашае народнае нішчэньне. Чарнобыль стаў сымвалам беларускай бяды.

Ці магі б мы пазбавіцца ад вынікаў Чарнобылю ў іншым часе і іншых варунках?

Безумоўна, маглі б. Вядома, ня цалкам, не на сто адсоткаў, але шмат што маглі б направіць. І ўсе мы разумеем, што для гэтага трэба найперш зрабіць і што гэтаму найперш перашкаджае. Гэта той антыбеларускі рэжым, які называецца духоўным чарнобылем. Цяпер “духоўны чарнобыль” нішчыць нашу культуру, помнікі гісторыі і архітэктуры, перасьледуе беларускае слова, кідае ў турму беларускіх людзей — распрацоўвае рэпрэсіўны сьпіс генэрала Жадобіна.

Аднак растуць сілы і ёсьць мэтады, здольныя перакуліць у Беларусі “духоўны чарнобыль”. Дыктатарскія рэжымы падпарадкоўваюцца закону катастрофаў, калі зьнешне, здавалася б, моцны гмах і вечная ўлада валяцца раптам у кароткі мамэнт, гэтак, напрыклад, як абвалілася Пішчалаўская турма ў Менску, што служыла расейскаму рэжыму з 1825 года і здавалася маналітам. Аказалася — порхаўка. Час катастрофы прамаскоўскага рэжыму ў Беларусі набліжаецца няўмольна, як бы ні храбрыліся, ні пагражалі, ні размахвалі дубінай ягоныя ахоўнікі.

Кожным словам сваім, кожным дзеяньнем, кожным чынам і справай набліжайма гэты канец духоўнаму чарнобылю, ведаючы, што добрыя справы і добры чын ніколі ня йдуць надарэмна.

2008. Зянон ПАЗЬНЯК