ЯК ФІНЫ ЎРАТАВАЛІСЯ

21 красавіка 2008 г. Швэдская газэта “Dagens Nyheter” апублікавала артыкул, прысьвечаны 90-м угодкам грамадзянскай вайны ў Фінляндыі. На баку патрыётаў (“белых”) у той вайне удзельнічалі сотні швэдаў. У Швэцыі і Фінляндыі апублікаваны кнігі успамінаў удзельнікаў той вайны. У артыкуле апісаны цяжкія баі вясны 1918 г. паміж белымі і чырвонымі за гарады Тамэрфорс і Гэльсінкі. Загінула 37 тысячаў асобаў. Пасьля перамогі белыя вельмі жорстка пакаралі захопленых у палон чырвоных. Пра гэта з несхаванай сімпатыяй да чырвоных піша левая газэта “Dagens Nyheter”. Але ў артыкуле не забыліся таксама паведаміць, што разгромленыя чырвоныя спачатку адступілі ў Выбарг, а потым масава ўцяклі ў савецкую Расею.

Наш камэнтар: Вядома (гэтага бальшавікі ніколі не хавалі), што антыдзяржаўным пераваротам у Фінляндыі кіраваў з Петраграда асабіста Ленін. У зборах ягоных “твораў” захаваліся тэксты адпаведных тэлеграмаў. Зразумела, куды паўцякалі разгромленыя патрыётамі фінскія чырвоныя. Яны хацелі далучыць маладую незалежную краіну (якая абвясьціла незалежнасьць пасьля кастрычніцкага пераварота ў Петраградзе) да саўдэпіі, але ня выйшла. Расейскія бальшавікі адудзячылі сваіх верных паслугачоў. Некаторым з чырвонай эмігранцкай эліты пэўны час ўдавалася нават рабіць кар'еру ў СССР. Потым насунуліся 1936-37 гады. Згаданыя эліты былі расстраляныя і накіраваныя ў ГУЛАГ. Пагалоўна былі расстраляныя ўсе фіны, якія хавалі ад царскай ахоўкі Леніна і іншых бальшавікоў. Засталося ўсяго некалькі чырвоных фінаў, якія ўвесь час трэсьліся ад страху і пісалі даносы адзін на аднаго, каб ацалець. Іх засталося роўна столькі, каб хапіла скласьці “рабоча-сялянскі урад” Фінскай ССР начале з Куусіненам падчас маскоўскай агрэсіі ў 1939-40 гг. Этнічных фінаў (якія ніколі не былі бальшавікамі), што пражывалі ў саўдэпіі, зьнішчылі і загналі ў ГУЛАГ у 1939-41 гг. Былі разгромлены ўсе фінскамоўныя газэты, нацыянальныя клюбы, выдавецтвы, тэатры і г.д. Калі б фінскія патрыёты не разграмілі прамаскоўскую чырвоную публіку ў 1918 г., то ўсё гэта (толькі ў большых маштабах) расейскія акупанты тварылі б у самой Фінляндыі. Назіраючы за кашмарам, які разгортваўся за савецкай мяжой, фіны зразумелі, што ў 18-м годзе яны ўратаваліся ад вынішчэньня.

Юрка Марозаў