“НАЙВЯЛІКШЫ ЗЛОДЗЕЙ У ГІСТОРЫІ НІГЭРЫІ”
16 красавіка 2008 г. Латвійская газэта “Diena” aпублікaвала артыкул аналітыка Асколдса Родынса наконт апошняга зьезду крамлёўскай партыі “Едіная Россія”. Са зьедлівым (і вельмі адэкватным) сарказмам журналіст аглядае падзеі вакол гэтага спэктакля. Аказваецца, Пуцін не зьяўляецца сябрам гэтай партыі. Але ўсe 600 дэлегатаў аднагалосна (!) абралі яго старшынём партыі. Такога трука не было яшчэ ў эўрапейскай практыцы. Дакладней, гэта была серыя трукаў. У першы дзень дэпутаты прагаласавалі за зьмены ў статуце (партыю цяпер можа ўзначальваць беспартыйны чалавек). Другі дзень Мінюст РФ пацьвердзіў гэтыя папраўкі. А на трэці дзень у залі зьявіўся на галасаваньне трыюмфуючы Пуцін. Родынс піша, што, нажаль у расейскіх законах няма пасады “духоўнага лідэра”. Але цяпер, мабыць, такі “духлідэр” зьявіўся. Журналіст параўноўвае сітуацыю з афрыканскай Нігэрыяй. Там таксама аднагалосна абіралі прэзыдэнтаў на генсекаў кіруючай партыі. Аднак, калі прэзыдэнт губляў сваё крэсла, яго абвяшчалі “найвялікшым злодзеем у гісторыі Нігэрыі”.
Наш камэнтар: “Русскіе люді” ўсім вядомыя майстры “не унывать” і паказваць трукі. Мне запомніўся адзін даўні рэпартаж ленінградзкага радыё пра алкагалізм. Журналіст лавіў алкаголікаў каля гаспадарчай крамы і шумна папікаў: “Как вам не стыдно, товарищ! Вот вы одеколон пьёте. Какой нехороший пример для молодёжи...” Адзін з дзядзькоў з гонарам адказаў рэпарцёру: “А что мне стыдиться? И веселей стало, и изо рта приятно пахнет...” Расейскія палітэліты, сабраныя на пацешны зьезд, не саромяцца, хаця смажаным з Масквы запахла на ўвесь сьвет, агаломшаны цынічнымі трукамі лубянцаў. На зьездзе шмат крычалі ўра, пляскалі ў ладкі і махалі сьцягамі. Можа ніхто з прысутных ня ўспомніў, што такое ўжо было. Можа яны не заўважылі, што Пуцін з Медведевым публічна паабяцалі арганізацыю чыстак у партыі пасьля зьезду? Пасьля ўра і віватаў таварыш Сталін таксама ўзяўся за партыйныя чысткі, якія завяршыліся забойствам мільёнаў людзей, партыйных і беспартыйных, па ўсёй імпэрыі.
Юрка Марозаў