ЦІБЭТ ЗМАГАЕЦЦА ПА ЎСІМ СЬВЕЦЕ

9 красавіка 2008 г. Угорская газэта “Nepszabadsag” пісала пра шэсьце алімпійскага агню праз краіны Эўропы. Лёнданскае начальства назвала “хуліганамі” людзей, якія арганізавалі акцыі пратэсту на шляху сымвалічнай паходні, якую нясуць у Пэкін. У Парыжы ўладам таксама давялося ўсімі сіламі абараняць гэты рытуал.

Наш камэнтар: Малайцы цібэтцы! Яны змагаюцца за сваю волю супраць кітайскіх акупантаў ня толькі на сваёй зямлі. Тысячамі зьбіраюцца цібэцкія эмігранты ў розных гарадах і краінах, каб пад нацыянальнымі сьцягамі выступаць супраць ворага, які спрабуе падмануць сусьветнае грамадзтва фальшывымі карцінкамі пра “цібэцкае шчасьце пад кітайскім кіраўніцтвам”. Многія ўжо ў адкрытую кажуць пра ганьбу заходніх элітаў, якія крывадушна пагадзіліся на правядзеньне Алімпіяды ў антыдэмакратычнай краіне, якая вядзе палітыку генацыду акупаванага цібэцкага народу.

Кур'ёзна было глядзець па тэлебачаньні, як па Лёндане і Парыжы нясуць паходню ў атачэньні кітайскіх гэбэшнікаў. Іх атакавалі цібэтцы і эўрапейскія паплечнікі іхнага змаганьня. У Парыжы маніфэстанты зусім перакулілі кітайскі і французкі канвой і затапталі фальшывую паходню. Яе запалілі зноў і далей павезьлі ў паліцэйскім аўтобусе (!). Кітайскія статысты купкамі шчаміліся са сваімі чырвонымі шматамі сярод мора цібэцкіх сьцягоў... Ідзе змаганьне народу за радзіму.

Трэба адзначыць, што масавыя праявы салідарнасьці з цібэтцамі — ня проста вынік раптоўнага эмацыйнага ўздыму. На працягу дзесяцігоддзяў урад Цібэту на эміграцыі вядзе актыўную працу па ўсім сьвеце. У вялікіх і нават малых гарадах Эўропы і Амэрыкі рэгулярна адбываюцца грамадзкія сустрэчы з цібэцкімі прадстаўнікамі, існуюць цібэцкія клюбы, культурныя цэнтры і палітычныя прадстаўніцтвы. Патрыятычнай справай займаюцца інтэлігентныя і шчырыя дзеячы, якія вераць у перамогу. Мільёны людзей у розных краінах пазнаюць цібэцкі сьцяг, з сымпатыяй ставяцца да народу старажытнай культуры і драматычнага лёсу. Спробы кітайцаў падсунуць заходнім грамадзтвам пракітайскую падстаўную публіку з чырвонай Лхасы (было шмат такіх спробаў) з грукатам праваліліся.

Як вядома, нацыянальны сьцяг Цібэта забаронены акупантамі. Менавіта Сьцяг зьяўляецца сымвалам нацыі, культуры і змаганьня. Мэтады акупанцкіх рэжымаў аднолькавыя ў розных краінах. Але праваліліся іхныя спробы замяніць беларускі Бел-Чырвон-Белы Сьцяг джынсовай анучай. Правальваюцца спробы падстаўных дзеячыкаў мілінкевічаў-лебедько-вінцучкоў забалбатаць-заблытаць людзей у замежжы. Увесь час адчыняецца фальшывасьць гэтай публікі, а фальш не схаваеш, як ні старайся.

Алесь Хадасевіч