“ТЫ Ж РАЗУМЕЕШ, ДЖОРДЖ, УКРАІНА — НЕ ДЗЯРЖАВА!”
10 красавіка 2008 г. Польская газэта “Gazeta Wyborcza” піша пра нядаўні саміт НАТО–Расея, што адбыўся ў Бухарэсце. Міністар абароны Польшчы Богдан Кліх быў вельмі ўражаны паводзінамі і выказваньнямі на саміце Пуціна. Маскоўскі госьць пагражаў распадам Украіны, калі яе прымуць у НАТО. Пра тое ж напісала і цытаваная польскім выданьнем расейская газэта “Коммерсант”: “Пуцін, зьвяртаючыся да Буша, сказаў наступнае: “Ты ж разумееш, Джордж, што Украіна — гэта не дзяржава! Чым ёсьць Украіна? Частка яе тэрыторыі — гэта Усходняя Эўропа, а значную частку мы ёй падарылі...” Пуцін публічна заявіў таксама, што 17 мільёнаў украінцаў на самай справе ёсьць расейцамі. Газэта завяршае тэкст згадкай, што усе сябры НАТО выказалі згоду, што Украіна будзе ў НАТО.
Наш камэнтар: Прызнаньні эўрапейскіх міністраў і нават расейскай прэсы сьведчаць, што Уладзімір Уладзіміравіч паводзіў сабе надзвычай распярэзана. Узьнікае вобраз з класічнага фільма “Сабачына сэрца”. Навуковай інтэлігенцыі дэманструюць Паліграфа Паліграфавіча Шарыкава. Ён пускаецца ў скокі з балалайкай у руках, сьпявае блатныя прыпеўкі ды раз-пораз гукае: “Эх, давай, Москва! Разговаривай, Расея!..” Інтэлігенцыя аслупянела глядзіць на куръёзную зьяву прыроды і ня ведае, што рабіць... А ў прынцыпе вельмі добра, што лубянскае “чудо пріроды” такое шчырае. Цяпер прынамсі ўкраінскае кіраўніцтва і ўкраінскі народ будуць ведаць, з кім маюць справу і ад каго мусяць бараніць сваю дзяржаву.
Юрка Марозаў