ТРУБАЧЫ НАД РАСЕЯЙ
9 красавіка 2008 г. Польская газэта “Trybuna” пераказвае рэпартаж з расейскай правінцыі маскоўскага журналіста Вячаслава Косцікава. Цытуем пачатак польскага артыкула: “Вялікая палітыка, размовы Пуціна з Бушам пра антыракетны шчыт і пашырэньне НАТО на Усход, канфлікт вакол Косава. Ці цікавяцца расейцы гэтымі справамі? Ці баяцца яны шчыта і НАТО?” Рэпарцёр Косцікаў паехаў на правінцыю і паведаміў, што пэўны адсотак людзей сочыць за гэтымі справамі. Але большасьць расейцаў мае зусім іншыя страхі. бо “у ста кілёмэтрах ад сталіцы пануюць юрыдычныя джунглі”. Людзей нахабна выкарыстоўвае мясцовае начальства, прадае іхныя кватэры і дамы, звальняе з працы і г.д. А ў другой палове артыкула палякі спасылаюцца на таго ж Косцікава. Цытуем: “Цяпер расейцам жывецца непараўнальна лепш, чым у цяжкіх 90-х гадах. Магчыма, што жыць будзе яшчэ лепш, бо нафта і газ цякуць, а Крэмль стараецца выкарыстаць пазытыўную для Расеі сусьветную кан'юнктуру”. Маўляў, цяпер расейскія правінцыялы могуць купляць сабе машыны, тэлевізары, езьдзіць на замежныя курорты. Праўда, цяжка пэнсіянэрам. Ніхто ня думае пра бабульку-пэнсіянэрку.
Наш камэнтар: І што яны ў адзін голас засьпявалі на Захадзе і ў самой Расеі пра заможнасьць расейскіх грамадзянаў, якія, маўляў, карыстаюцца нафтавай кан'юнктурай? Пра гэта трубіў нядаўна ў Эўропе “апазыцыянэр” Б. Нямцоў. І іншыя таксама. Перад трубачамі Крэмль-Лубянка паставілі задачу стварыць чарговы вобраз “арыгінальна дэмакратычнай, недасканала справядлівай”, але “вельмі заможнай Расеі, дзе ўсе актыўна атаварваюцца на нафтадаляры”. Разьлічана на тое, што далёка ня кожны паляк, славак і француз паедзе на расейскую правінцыю паглядзець на жахлівыя вынікі пуцінскай нафтавай кан'юнктуры. Адным словам, “жывецца непараўнальна лепш, а будзе яшчэ лепш...”
Юрка Марозаў