ДВА СЛОВЫ ПРА РЭЧАІСНАСЬЦЬ
Беларускім мужчынам, якія прайшлі праз савецка-расейскую армію і флёт, бывае (часам праз дзесяцігоддзі) далёкая мінуўшчына вяртаецца ў снах: казармы, пацукі, дзікія твары начальства, расейскі мат, карупцыя і маразм... Сустракаючыся з даўнімі сябрамі, зь якімі разам служылі далёка ад роднай Беларусі, мы прыгадваем драматычныя, а часам і сьмешныя эпізоды расейскага прыгону. Напрыклад, як перад шыхтамі юнакоў, прыгнаных з розных канцоў імпэрыі, напіналася крыкам мурло ў яркіх пагонах: “Здравствуйте, товарищи!” Трэба было набраць паветра ў лёгкія і гаркнуць у адказ: “Здравия желаем!” Хаця кожны з нас думаў пра сябе па-грузінску, украінску, татарску, беларуску: “Каб жа ты здох!” Так яно ўсё і скончылася. З распадам імпэрыі пасыпалася імпэрская армія, заіржавелі і згнілі караблі, генэралы-палкоўнікі апэратыўна раскралі-прадалі вайсковую маёмасьць.
Вызваленыя народы утварылі ўласныя ўзброеныя сілы, якія бароняць не крамлёўскую мафію, а нацыянальную тэрыторыю і людзей. Расейская ваеншчына, як вядома, перажывае яшчэ больш глыбокі тэхналягічны і, што галоўнае, псіхічны крызіс. Фактычна гэта ёсьць структураваная крымінальная сістэма, дзе калечыцца і гіне расейская моладзь. Імпэрскі рэванш застаецца галоўнай задачай існаваньня крамлёўскай хунты. Мы добра памятаем, як на працягу ўсяго 2004 года (года прэзыдэнцкіх выбараў ва Ўкраіне) у Кіеў езьдзіў Пуцін і пуцінскія “магнаты”. Яны дэманстрацыйна абдымаліся з прамаскоўскім кандыдатам Януковічам (асобай з стракатай крымінальнай мінуўшчынай), гукалі пра “союз нерушімый”, пазіравалі на парадах пасярод мора чырвоных сьцягоў. Па кіеўскіх плошчах маршавалі тысячы статыстаў у касках і ўніформах фасону 1937-41 гадоў, ехалі “палутаркі” і іншыя сымвалічныя рарытэты сталінскіх часоў. Украінцы паглядзелі на ўсё гэта і канчаткова зразумелі: крамлёўцы са сваім кандыдатам рыхтуюць аднаўленьне расейскай акупацыі Украіны. Пасьля ганебнай выбарчай падтасоўкі мільёны патрыётаў сталі на Майдане і выразна заявілі: “Украіна для ўкраінцаў! Гэть москалів!” Салідарны народны супраціў сарваў подлыя пляны расейскай агрэсіі, імпэрыя Зла атрымала адлуп і адпаўзла ў сваё логава.
Народ, украінская моладзь абралі шлях эўрапейскай цывілізацыі. Нават у Маскве зразумелі, што Украіна для іх згублена назаўсёды. Мы памятаем, што ў сувязі з гэтым правалам зьмянілася тактыка імпэрцаў на Беларусі. Масква кінула грошы вінцучкам-лебедько-мілінкевічам і ў асноўным кіравала псэўдаапазыцыйнымі працэсамі з-за кулісаў, надта не высоўваючыся. Перад сваёй кліентурай Масква паставіла задачу загону беларусаў на выбарчыя фарсы дыктатуры пад дэвізам: “іді і скажі ему нет”. Мітусьня прадажных псэўдаапазыцыянэраў прывяла да чарговых фальшывых перамогаў рэжыму і манумэнтальнага падману загнаных на выбарчыя ўчасткі людзей. Сапраўды, на захад ад маскоўскай імпэрыі толькі Беларусь застаецца клінам, які працягвае кантраляваць крамлёўская хунта праз прамаскоўскі акупацыйны рэжым і прамаскоўскую падстаўную апазыцыю. Балтыйскія рэспублікі і Украіна ніколі ня вернуцца за калючы дрот Маскоўшчыны.
Днямі Украіна зрабіла яшчэ адзін важны крок на шляху вызваленьня ад каляніяльнай мінуўшчыны. Знайшла водгук заява ўкраінскага кіраўніцтва аб жаданьні далучыцца да НАТО. 1 красавіка у Кіеў прыбыў прэзыдэнт ЗША Буш і выказаў падтрымку Украіне. З Кіева Буш мусіў ад'ехаць на саміт НАТО у Бухарэст. Прэзыдэнт паведаміў, што Пуцін запрошаны на бухарэсцкі саміт, але “Расея ня мае права вэто на саміце”. Цікава было паглядзець рэпартажы пра гэтую падзею па расейскіх тэлеканалах. Скрывіўшыся, нібыта яны нешта ня тое зьелі, тэлевядучыя расказвалі пра візыт Буша ў Кіеў. Як толькі перад амэрыканскім госьцям і прэзыдэнтам Юшчанкам пайшлі маршам аддзелы ўкраінскай ганаровай варты, расейскія тэлеканалы пасьпяшаліся пераключыцца на іншы сюжэт. Украінскае войска маршыравала не пад чырвонай савецкай “шмотай”, а пад нацыянальна-дзяржаўным сьцягам і палкавым сьцягам з казацкім крыжам. Прэзыдэнт ЗША падышоў да шыхтоў і зьвярнуўся да жаўнераў: “Вітаю, воіны!” Вайсковае павітаньне па-украінску прагучала для Масквы, як гром зь яснага неба. Усяго два словы... Але ў іх заключаны глыбокі сэнс. Так камандзёры віталі жаўнераў Украінскай Паўстанцкай Арміі і партызанскіх атрадаў, якія змагаліся за волю Украіны супраць расейскіх акупантаў (цяпер гэтае павітаньне ў статуце ўзброеных сілаў незалежнай Украіны). Такім чынам прэзыдэнт ЗША ад імя амэрыканскага народу выказаў павагу да ўкраінскага народу і ягонай арміі, да ўкраінскай гісторыі і мовы.
У сувязі з паразай Масквы ва Украіне трэба чакаць актывізацыі расейскай агрэсіі на Беларусі. Лубянка зноў шчодра падкіне грошай прадажнай псэўдаапазыцыі, аплоціць і мабілізуе сваіх “экспэртаў” у Берліне і Брусэлі. Марыянэткі зноў загукаюць: “Усе на выбары! Скажі свое нет!” Але трэба адвярнуцца ад гэтых наймітаў і салідарна абараняць нашу свабоду і незалежнасьць Бацькаўшчыны.
Янка Базыль