“ВОРАГА ТРЭБА БІЦЬ І ГНАЦЬ...”

2 красавіка 2008 г. Польская газэта “Gazeta Wyborcza” піша пра заявы кітайскіх дзяржначальнікаў. Тыя абвінавачваюць цібэцкіх патрыётаў у тэрарызме і папярэджваюць, што цібэтцы рыхтуюць самагубчыя тэракты. На гэта прэм'ер ураду Цібэта на эміграцыі Самдхонг Рыпочэ заявіў, што Далайлама і нацыянальны ўрад выступаюць за мірнае вырашэньне канфлікта. Якраз кітайцы могуць арганізаваць тэракты, каб абвінаваціць цібэтцаў у тэрарызме.

Наш камэнтар: Цібэцкія лідэры добра ведаюць намеры і стыль кітайскіх акупантаў, навучаных расейскім тэрарыстычным досьведам. Змаганьне цібэцкага народу вельмі драматычнае. Кітайцы прыкрываюцца сувэрэнітэтам Кітая над цібэцкай тэрыторыяй і кожную праяву цібэцкага патрыятызма абвяшчаюць тэрарызмам. Усё пачалося яшчэ ў 1950 г., калі кітайская ваеншчына пачала масіраваны наступ на Цібэцкую дзяржаву. Цібэцкія мужчыны сталі на абарону радзімы і гатовыя былі змагацца да канца. Але мала было талковых генэралаў. Здраднікі, аплочаныя Пекінам узарвалі склады з амуніцыяй і зброяй у Лхасе. Пастарунковыя ня здолелі паведаміць арміі пра кітайскую начную атаку, многа цібэтцаў загінула, не пасьпеўшы схапіцца за зброю. У выніку Кітай афіцыйна абвясьціў Цібэт сваёй правінцыяй, зьдзяйсьняе палітыку генацыду цібэцкага народу і зьнішчае вялікую культуру Цібэта. А ў любым выпадку арганізаванага супраціву акупанты абвяшчаюць патрыётаў тэрарыстамі і злачынцамі. Гэта ёсьць важная лекцыя для беларусаў. Калі маскоўскі вораг паспрабуе захапіць нашу незалежную краіну, то змагацца супраць агрэсараў трэба салідарна і арганізвана — на нашым баку Закон і міжнароднае права. Ворага трэба біць і гнаць са сваёй зямлі, не разлічваючы на ягоную літасьць і ўмяшальніцтва міжнароднага грамадзтва. Не чакаючы, пакуль акупацыйны рэжым назаве патрыётаў тэрарыстамі.

Юрка Марозаў