РАЗБУРАЛЬНІКІ КУЛЬТУРЫ

29 сакавіка 2008 г. Італьянская газэта “La Stampa” паведамляе з далёкай Вялікоднай выспы ў Атлантыцы. Французкі турыст пашкодзіў малатком адну стражытную скульптуру, адбіў на сувэнір каменнае вуха божышча. Яго арыштавала паліцыя, яго судзяць. Вандалу пагражае турма і штраф у 13 тысячаў эўра.

Наш камэнтар: У нармальным грамадзтве ўлады абараняюць нацыянальныя культурныя каштоўнасьці. У дзікіх акупанцкіх рэжымах усё наадварот — сама ўлада зьнішчае і спрыяе зьнішчэньню помнікаў культуры. З Пецярбурга паступаюць паведамленьні пра варварскую перабудову горада, пабудаванага італьянскімі і французкімі архітэктарамі барока і класіцызму. Зьнішчаюцца паркі і сады (без таго рэдкія ў паўночным горадзе), на гэтых плошчах будуюцца катэджы і палацы дзяржмафіі, банкі і гатэлі. На правінцыі яшчэ больш жахлівае становішча. Будаўнічыя карпарацыі “вызваляюць месца” пад шалёныя забудовы ў гістарычных цэнтрах гарадоў і мястэчак. Іхная агентура арганізоўвае падпалы цэлых гістарычных кварталаў, пабудаваных у 18-19 стагоддзях. “В рамках союзного строітельства” антыбеларускі рэжым верна насьледуе сваіх маскоўскіх гаспадароў. Нядаўна ў Гомлі былі зьнішчаны цудоўныя камянічкі ў стылі мадэрн, пабудаваныя перад Першай сусьветнай вайной. Затое адкрылася панарама на шкло-бэтон у стылі лукашызму. У Воршы зьнішчана камянічка канца 19 ст. З Мірскага замку робяць 5-зорачны гатэль. Агрэсіўны антыбеларускі тэлепасквіль “Павлинка-NEW” атрымаў галоўную прэмію БТ за 2007 год “за развітіе белорусской культуры”. І г.д. Але ня думаю, што зьнішчальнікі беларускай культуры пазьбегнуць адказнасьці. Такое людзі забыць не павінны.

Юрка Марозаў