ЦІБЭТ ЗМАГАЕЦЦА
27 сакавіка 2008 г. Партугальская газэта “Jornal de Noticias” піша пра візыт у Цібэт групы заходніх журналістаў, дапушчаных туды кітайскімі ўладамі. Рэпарцёры не далі сабе падмануць і паведамляюць пра сьляды разбурэньняў ў сталіцы Лхасе, пра войска і паліцыю, якія запаўняюць горад, пра дэманстрацыі пратэсту будыйскіх манахаў, якія патрабуюць вяртаньня на радзіму Далайламы і волі для сваёй краіны.
Наш камэнтар: Кітайская камуна зрабіла ўсё магчымае і немагчымае, каб здушыць супраціў цібэцкага народу і гладзенька правесьці сёлетнюю летнюю алімпіяду ў Кітаі. Але ня выйшла. На працягу шэрагу дзён тысячы манахаў (эліта Цібэта) і масы цібэцкай моладзі грамілі кітайскія аб'екты і сымвалы кітайскай акпуацыі на сваёй зямлі. Пэкінскія войскі і гэбэ стралялі па паўстанцах, былі шматлікія ахвяры. Але моладзь не адступала, гонячы чужынскіх асаднікаў са сваёй акупаванай краіны. Цібэцкая моладзь не заклікае народ хадзіць на акупацыйныя “выбары” і не чакае ад акупантаў “дэмакратызацыі”. Ідзе сапраўднае, а не імітацыйнае змаганьне за незалежнасьць.
Юрка Марозаў