“АХВЯРЫ КАМУНІЗМУ”

26 лютага 2008 г. Славацкая газэта “Pravda” апублікавала здымак з выявай помніка з надпісам “Ахвярам камунізму” у Браціславе. У тэксьце згадваецца, што помнікам ушанаваныя 705 грамадзянаў, пакараных сьмерцю камуністычнымі ўладамі ў 1951-53 гг., 71 тысяча палітычных працэсаў той эпохі, 16 тысячаў грамадзянаў, выкінутых з іхных дамоў, а таксама 13 тысячаў асуджаных на прымусовыя працы. Цікава, што большасьць з пакараных сьмерцю папярэдне былі ўзнагароджаны камуністычным “Ордэнам 25 Лютага”. Прамаскоўскія ўлады арганізавалі былі антыдзяржаўны пераварот 25 лютага 1948 г., канчаткова замацаваўшы сталінізм у ЧССР. Сярод ардэнаносцаў быў і Рудолф Сланскі, генсек чэхаславацкай кампартыі. Праз тры гады, у 1951 ён быў абвешчаны агентам імпэрыялізму і пакараны сьмерцю. Згаданы ордэн атрымала столькі “ворагаў народу”, што сталіністу Готвальду давялося выдумляць новы вышэйшы ордэн.

Наш камэнтар: Такім чынам Масква і яе васалы адудзячылі дзесяткі тысячаў сваіх верных паслугачоў, якія паклапаціліся пра ўвядзеньне ў роднай краіне рэжыму НКВД. Падзяка была тыповая для ўсіх пэрыядаў маскоўскай гісторыі: куля, шыбеніца, катарга, зьдзек. Няхай памятаюць пра гэта сёньняшнія маскоўскія васалы на беларускай зямлі.

Юрка Марозаў