ЗЯНОН ПАЗЬНЯК: “НАБЛІЖАЙМА СЬВЕТЛЫ ЧАС ВОЛЬНАЙ БЕЛАРУСІ”

Дарагія землякі-беларусы, паважаныя фронтаўцы, адраджэнцы! Віншую Вас зь вялікім нацыянальным сьвятам — Днём Незалежнасьці!

Сёлета спаўняецца 90 гадоў з таго часу, калі 25 сакавіка 1918 года Рада Беларускай Народнай Рэспублікі аб'явіла пра дзяржаўную незалежнасьць Беларусі. Наша незалежнасьць тады праіснавала, аднак, вельмі кароткі час, і ў сьнежні 1918 года Беларусь зноў была акупаваная бальшавіцкай ардой савецкай Расеі. Бальшавікі (у піку БНР) стварылі на акупаванай тэрыторыі буфэрную фіктыўную краіну — Савецкую Сацыялістычную Рэспубліку Беларусь (ССРБ) і, выкарыстаўшы тут сваю ўладу, пачалі вынішчаць усё беларускае. За 73 гады панаваньня савецкай акупацыйнай машыны расейскі камунізм зьнішчыў на Беларусі каля 2-х мільёнаў людзей, сотні тысячаў беларусаў вывезлі і згнаілі ў сібірскіх лягерах сьмерці. Масква адабрала зямлю ў беларускіх сялянаў і ператварыла іх ў калгасных нявольнікаў, зьнішчыла, вырвала з коранем з зямлі беларускага працавітага чалавека, расстраляла пісьменьнікаў, вучоных, нанесла сьмяртэльную шкоду нацыі. Расейскі камунізм, які панаваў на Беларусі як форма рускага імпэрыялізму, імкнуўся праз русіфікацыю, праз вынішчэньне беларускай мовы, ліквідацыю беларускай школы і адукацыі на беларускай мове, праз разбурэньне беларускай культуры, ліквідацыю рэлігіі, фальсіфікацыю гісторыі, праз дэмаграфічныя маніпуляцыі і каляніяльную эканоміку зьнішчыць беларускую нацыю, перарабіць беларусаў на рускамоўны “савецкі народ”.

Злачынствы, якія на працягу 73 гадоў чынілі на Беларусі расейскія камуністы, ёсьць злачынствы супраць чалавецтва. Спраўцы злачынстваў і іх камуністычныя прадаўжальнікі (якія цяпер мімікрыруюць пад “апазыцыю”) падлягаюць суду, абавязковаму і справядліваму пакараньню. Панаваньне рускага камунізму і каляніяльная палітыка на Беларусі некаторым людзям здавалася бясконцай. Але настаў час і бальшавіцкі “райх” рассыпаўся, як піраміда з гліняных гаршкоў. Беларусы-адраджэнцы, аб'яднаныя ў Беларускі Народны Фронт, і дзейныя дэпутаты БНФ у парляманце зноў ўзьнялі над Бацькаўшчынай сьвяты Беларускі Бел-Чырвона-Белы Сьцяг свабоды і незалежнасьці. Незалежнасьць Беларусі была вернута 25 жніўня 1991 года пасьля правалу камуністычнага путчу ў Маскве і ў выніку рашучага змаганьня дэпутатскай Aпазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце шляхам наданьня статусу канстытуцыйнага закону Дэклярацыі аб Суверэнітэце Беларусі (таксама падрыхтаванай і адваяванай дэпутатамі Народнага Фронту).

Перад нашай краінай тады былі пэрспэктывы дэмакратыі і вольнага разьвіцьця. 25 жніўня 1991 года, гэтак жа, як і 25 сакавіка 1918 года ёсьць вялікія даты нашай нацыянальнай гісторыі.

Аднак сілы былі няроўныя. Нацыя яшчэ не паправілася, не скансалідавалася духоўна, не аднавілася цалкам ад савецкага вынішчэньня, і акупацыя вярнулася ў вобразе прамаскоўскага рэжыму як рэстаўрацыя савецкай улады на Беларусі.

Але й гэтаму рэжыму ўжо засталося нядоўга існаваць. Надыходзіць час — і абваліцца разам з гэбоўскай уладай у Расеі антыбеларускі рэжым у Рэспубліцы Беларусь. Ідэалы БНР, за якія мы змагаемся, — вернуцца; адродзіцца сапраўдная незалежная і дэмакратычная Беларусь на грунце нашага гістарычнага Вялікага Літоўскага Княства. І ніхто ўжо не паверне гісторыю ўстыч.

Сьвяткуйма ж нашае выдатнае сьвята, наш вялікі юбілей і набліжайма сьветлы час вольнай Беларусі!

Зянон ПАЗЬНЯК

25 сакавіка 2008 г.