САКАВІЦКІ СОЙМ БЕЛАРУСКАГА НАРОДНАГА ФРОНТУ “АДРАДЖЭНЬНЕ” І КАНСЭРВАТЫЎНА-ХРЫСЬЦІЯНСКАЙ ПАРТЫІ — БНФ

9 сакавіка сёлета ў Менску адбыўся чарговы Сойм Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ. Сойм заслухаў выступ сп. Зянона Пазьняка, Старшыні Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ — “Улада цемры” (публікуецца).

З дакладам аб палітычным і сацыяльна-эканамічным становішчы выступіў сп. Юры Беленькі, выканаўца абавязкаў старшыні на Беларусі Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ, і сп. Сяргей Папкоў, намесьнік старшыні Фронту і Партыі.

Псэўдавыбарчае шоў, арганізаванае лубянскім рэжымам у Расеі, завяршылася “прадказанай перамогай” Д. Мядзведзева. На Захадзе многія палітыкі і аналітыкі зрабілі адэкватныя высновы з таго, што адбылося на Усходзе: завяршыўся наступны этап фармаваньня антыдэмакратычнага, небясьпечнага для чалавецтва рэжыму КГБ-ФСБ. Беларусы пераканаліся, што ў суседняй краіне хунта выкарыстала схемы і прыёмы, абкатаныя і апрабаваныя на Беларусі: падстаўная псэўдаапазыцыя заклікала пайсьці на выбары і сказаць сваё “нет”, СМІ былі мабілізаваныя на прасоўваньне крамлёўскай крэатуры, была арганізавана групоўка падстаўных псэўдаканкурэнтаў-кандыдатаў, вынікі выбараў былі цалкам сфальшаваныя.

Але зразумела, што Пуціну вельмі ня хочацца пакідаць крамлёўскія муры. У бліжэйшы час ён будзе шукаць магчымасьці, каб застацца ў Крамлі. У Расеі трэба чакаць новых палітычных падзеяў. На жаль, Беларусь ніякім чынам не абаронена ад негатыўных тэндэнцыяў, якія вызначаюць жыцьцё ў суседняй краіне. Апошнія жэсты рэжыму з адкліканьнем амбасадара РБ з ЗША і антамэрыканскімі заявамі сьведчаць, што ў чарговы раз Масква карыстаецца нашай дзяржавай як інструмантам у сваёй антызаходняй палітыцы.

Мясцовая псэўдаапазыцыя працягвае свае правакацыйныя дзеяньні, падстаўляючы пад удар беларускую моладзь і выхваляючыся колькасьцю арыштаваных, асуджаных і ўвязьненых маладых патрыётаў. Апошнім часам дзеячыкі псэўдаапазыцыі распрацоўваюць новую “канцэпцыю”, заяўляючы, што “турма — гэта карысны жыцьцёвы ўрок” (лекцыя), што яны “там прышлі да хрысьціянства і веры”... Усё гэта зьвязана з тым, што з усіх інстытуцыяў карыстаюцца даверам у насельніцтва менавіта рэлігійныя арганізацыі (зразумела, не РПЦ). Гэта ўлічваюць у сваіх распрацоўках апэратыўнікі са спэцслужбаў. Працягваецца падман людзей. Тыя, хто заяўляў пра “жыцьцёвую лекцыю і веру”, раптам пачынаюць заклікаць людзей ісьці на выбары — на падманныя псэўдавыбары дыктатуры. Псэўдаапазыцыя разважае пра нейкія саступкі і дэмакратызацыю рэжыму — і ўсё гэта на фоне ўзмацненьня рэпрэсіяў і зьнішчэньня ўсяго беларускага.

Неабходна цярпліва растлумачваць беларускаму грамадзтву сапраўдную сутнасьць гэтых фальшывых дзеячыкаў і іхных заклікаў да ўдзелу ў фальшывых псэўдавыбарах. Яны не павінны разам з рэжымам у чарговы раз падмануць людзей.

Выступілі таксама сябры Сойму з рэгіёнаў краіны. Многія людзі прыціснуты страхам, баяцца згубіць працу, супрацьпаставіцца рэжымнаму гвалту. Але паўсюль знаходзяцца беларусы і беларускі, якія не баяцца абараніць свае правы, сваю мову і даць адпор гвалтаўнікам і цемрашалам. Знамянальна, што ў такім выпадку мужныя людзі знаходзяць падтрымку мясцовага грамадзтва. Рэжым канчаткова згубіў грамадзкую падтрымку. Няма таксама ніякага імкненьня людзей да “саюзнай дзяржавы з Расеяй”. Усе з жахам назіраюць за падзеямі ў суседняй гэбоўскай краіне.

Сойм прыняў рашэньне аб няўдзеле Фронту і Партыі ў маючых адбыцца сёлета псэўдавыбарах на Беларусі.

Інфармацыйная камісія Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ

9 сакавіка 2008 г.