ЛЮБАЯ АЭС ДЛЯ БЕЛАРУСІ — АПОШНЯЯ КАТАСТРОФА
Галоўнае пытаньне для Беларусі цяперашняга часу — пазбаўленьне ад прамаскоўскага рэжыму. Пазбавіўшыся яго — вырашыцца многае. Але адначасна беларусам увесь час трэба цяпер змагацца за сваё існаваньне, за сродкі жыцьця, за мову, культуру, школу, маёмасьць, за годнасьць, за будучыню і справядлівасьць, за ўсё сваё, што вынішчаецца варожым рэжымам. У гэтым становішчы санкцыянаванага нацыянальна-культурнага разбурэньня, плян пабудовы атамнай электрастанцыі на Беларусі выглядае асабліва злавесным. Пад пагрозу ставіцца само фізічнае быцьцё беларускага народа і гістарычнае існаваньне яго на ўласнай зямлі.
10 — га лютага Сойм Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі Беларускага Народнага Фронту ўтварыў Антыатамны Камітэт (кіраўнік З. Пазьняк), які дзейнічае, каб не дапусьціць пабудовы АЭС на Беларусі. Напачатку ставіцца задача згуртаваць вакол гэтай працы беларускіх адраджэнцаў і беларусаў-спэцыялістаў па медыцыне, экалогіі і энэргетыцы, раскіданых па ўсім сьвеце. Антыатамны Камітэт у разьвіцьці павінен стацца агулнабеларускай сусьветнай ініцыятывай. Першы этап працы — інфармацыя пра праблему. Пасьля Чарнобыля атамная энэргетыка — учарашні дзень чалавецтва. Пра гэта прапануецца ніжэй публікацыя артыкула Юркі Цехановіча.
(Глядзець таксама pbpf.org> за 13.01.2008.)
Зянон Пазьняк
Пасьля Чарнобыльскай аварыі мінула амаль 22 гады, народ Беларусі прызвычаіўся да думкі — пра неабходнасьць жыцьця пасьля гэтай самай буйнай у гісторыі чалавецтва тэхнагеннай катастрофы. Зьявілася новае пакаленьне, якое вымушана існаваць ваўмовах антыбеларускага рэжыму і ведае пра наступствы атамнай катастрофы, толькі ў асноўным па ўспамінах блізкіх і знаёмых.
Народ Беларусі даведаўся ў тыя часы праўду, пра вынікі Чарнобыля, дзякуючы палітыцы Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” (БНФ), які прымусіў тагачаснае злачыннае камуністычнае кіраўніцтва краіны зьняць грыф сакрэтнасьці са шматлікіх дакумантаў, якія несьлі жудасную інфармацыю пра наступствы радыяцыі для насельніцтва краіны. Дзякуючы актыўнасьці БНФ, былі разгорнутыя шматлікія дзеяньні па перасяленьню людзей ў незабруджаныя раёны, была прыцягнутая ўвага і адпаведная дапамога шэрагу краін Захаду і ЗША ў справе фінансаваньня, аховы здароўя, будаўніцтва, навуковых дасьледваньняў, аздараўленьня беларускіх дзяцей. Бо на тэрыторыю нашай краіны выпала амаль 70% радыёнуклідаў ад тых што патрапілі ў навакольнае асяродьдзе з выбухнуўшага рэактара Чарнобыльскай АЭС імя Леніна.
Па самых мінімальных ацэнках, эканамічныя страты, якія панесла Беларусь у выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС, склалі 235 млрд. дал., амаль чвэрць тэрыторыі краіны забруджаная радыёнуклідамі, пацярпела здароўе мільёнаў людзей.
Час, які прамінуў, пайшоў у пэўнай ступені, на карысьць тым вольным краінам Эўропы і ЗША якія зрабілі высновы, з вынікаў аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Шэрагам дасьледчыкаў у ЗША было выяўлена, што з траўня па жнівень 1986 г. сярод насельніцтва ЗША адбылося значнае павелічэньне сьмярцяў, у тым ліку немаўлят, а таксама зьнізілася нараджальнасьць. Даказаная сувязь гэтых зьяваў з чарнобыльскімі воблакамі, якія ўтрымлівалі радыёактыўны ёд-131 і які выпаў над ЗША. На поўдні Нямеччыны, дзе чарнобыльскія ападкі былі асабліва значныя, сьмяротнасьць немаўлят павялічылася ў 1986 г. на 35%. Адзначым, што 18 красавіка 2006 на прэсавай канфэрэнцыі ў Маскве, Грынпіс агучыў рэальныя лічбы пацярпелых ад Чарнобыльскай аварыі. Дадзеныя атрыманыя ў выніку працы больш чым за 50 знакамітых навукоўцаў з шасьці краінаў адрозьніваюцца ад дадзеных даклада ААН у дзясяткі разоў, у тым ліку і па медычных паталёгіях у людзей. Ад аварыі ў Чарнобылі пацярпелі такія краіны, як Грэцыя, Швецыя, Фінляндыя, Нарвэгія, Славенія, Польшча, Румынія, Швайцарыя, Чэхія, Вялікая Брытанія, Італія, Эстонія, Славакія, Ірляндыя, Францыя, Нямеччына, Латвія, Летува, Данія, Нідэрлянды, Бэльгія, Іспанія, Партугалія, Ізраіль. Агульная плошча забруджаных зямель, толькі цэзіям-137, апрача Беларусі, Украіны і Расеі, склала 45 260 квадратных кілёмэтраў.
Краіны, дзе атамныя станцыі забясьпечваюць каля 50% вытворчасьці электраэнэргіі (Швэцыя, Бэльгія), роўна як і Нямеччына і Італія, дзе доля АЭС істотная, паступова выводзяць АЭС з эксплуатацыі, замяняючы іх больш таннымі, надзейнымі і не такімі небясьпечнымі крыніцамі электраэнэргіі. Адзначым, што у ЗША з 1978 г. не было ўведзена ў дзеяньне ніводнага атамнага рэактара, а з 1972 г. іх не будуюць. Швэцыя адмовілася ад будаўніцтва АЭС яшчэ ў 1987г.
У Аўстрыі больш за 20 гадоў таму, у выніку агульнанацыянальнага рэфэрэндума, была замарожаная амаль гатовая АЭС у Цвентэндорфе. Пасьля аварыі ў Чарнобылі, у Аўстрыі вельмі балюча ставяцца да існаваньня АЭС пабудаваных па савецкіх (расейскіх) праэктах.. Таму калі чэхі ўступалі ў Эўразьвяз, Аўстрыя выступіла рашуча супраць гэтага з-за будаўніцтва АЭС у Тэмеліне (дзе згаданая станцыя будавалася амаль два дзясяткі гадоў). Аналягічная сітуацыя была ў Аўстрыі і адносна славацкай АЭС “Моховцэ”. Экспэрты Эўракамісіі раілі Славакіі зачыніць 1-шы і 2-гі энэргаблёкі АЭС “Багуніцэ” і мадэрнізаваць 3-ці і 4-ты.
Правячая ў Нямеччыне вялікая кааліцыя ўзгадніла праграму паступовага адключэньня ўсіх АЭС. Старыя ліцэнзіі на эксплуатацыю не павінны працягвацца. Будаўніцтва новых АЭС забаронена (на долю нямецкіх АЭС прыпадае 30% выпрацаванай электраэнэргіі).
Адзначым, што адно з патрабаваньняў Эўрапейскага Зьвязу да кандыдатаў на ўступленьне — бясьпека атамных электрастанцыяў.
Нягледзячы на тое, што на Захадзе зачыняюцца АЭС, ім знаходзяць замену ў выглядзе — энэргаашчаджэньня, газатурбінных электрастанцыяў (якія працуюць на вадкім ці газападобным паліве), цеплавых электрастанцыяў (у прыватнасьці тых, што працуюць па прынцыпу “цыркуляцыі кіпячага пласту” (ЦКП), дзе выкарыстоўваецца шырокая гама цьвёрдага паліва — каменны вугаль, буры вугаль, нізкакаларыйныя віды паліва), іншыя альтэрнатыўныя крыніцы энэргіі. Напрыклад, Нямеччына шырока іх выкарыстоўвае і ў бліжэйшыя гады плянуе давесьці долю энэргетыкі, з удзелам альтэрнатыўных крыніцаў да 25%.
Варта адзначыць, што ў ЗША і Эўропе тэхналёгія ЦКП для цеплавых электрастанцыяў усё больш шырока выкарыстоўваецца, у тым ліку — у Фінляндыі, Швецыі, Нямеччыне, Францыі. У Азіі, гэта — Японія. У згаданай тэхналёгіі ужываецца каменны ці буры вугаль (таксама, што істотна — нізкакаларыйныя віды цьвёрдага паліва). Можа быць, таксама, разам з сумесным спальваньнем прамысловых і пабытовых адыходаў (пры высокім узроўні аховы навакольнага асяродьдзя, вядома). Усё гэта спрыяе шырокаму распаўсюджваньню згаданых альтэрнатыўных электастанцыяў. Найбольш буйныя катлы з ЦКП (у тым ліку пад ціскам) пабудаваныя і будуюцца ў Японіі.
Варта адзначыць, што ў Заходняй Эўропе, асабліва ў Скандынавіі, усё больш выкарыстоўваюцца розныя віды біямасы для атрыманьня энэргіі. У сувязі з гэтым заўважым, што вядомы расейскі эколаг, чл.-кар. РАН А. Яблыкаў прыводзіў такі факт супрацьдзеяньня ядзернага лобі альтэрнатыўным АЭС-праэктам. Так, напрыклад, для замены састарэлых і небясьпечных рэактараў Ленінградскай АЭС патрэбна каля 4 млрд. даляраў. Амэрыканская фірма “Альстром Пайропауэр” прапанавала ўзамен на гэта экалагічную і больш эканамічна эфэктыўную ТЭЦ за 1,6 млрд. даляраў. Але зварот гэтай фірмы да ўрада і ўладаў Санкт-Пецярбурга (у тым ліку зьвяртаўся да ўладаў і сам А. Яблыкаў) застаўся без адказу. Дадазім яшчэ падобны прыклад — у Чэлябінскай вобласьці Расеі (г. Капейск) была спроба пабудаваць ТЭЦ з тэхналёгіяй ЦКП, пры дапамозе нямецкай фірмы “Агіплян”, быў распрацаваны бізнес-плян, які прайшоў апрабацыю ў Эўрапейскім банку рэканструкцыі і разьвіцьця. У якасьці інвэстара выступала фірма “Фостэр Уіллер-Альстром”. Нягледзячы на эканамічныя і экалагічныя перавагі праэкта, ўсё гэта было пасьпяхова пахавана. Асабліва пэрспэктыўным лічыцца выкарыстаньне тэхналёгіі ЦКП пры сумесным спальваньні біямасы з пабытовымі і прамысловымі адыходамі, што дазваляе эфэктыўна ўтылізаваць адыходы і зьнізіць нагрузку на акаляючае асяродьдзе. У 1997 г. фірма “Фостэр-Уіллер” ужыла буйнешы ў сьвеце кацёл ЦКП для спальваньня 600 тон за дзень цьвёрдых пабытовых адыходаў пры максімальнай паравытворчасьці 200 т/г.
Адносна нашай краіны (у сувязі з вышэйсказаным) заўважым, што на Беларусі разведана 3 радовішчы бурага вугалю (Жыткавіцкае, Тонежскае і Брынеўскае) з агульнымі запасамі больш за 152 млн. т. якія цяпер не эксплуатуюцца. На Жыткавіцкім радовішчы падрыхтаваны для прамысловага асваеньня два поклады з агульнымі запасамі ў 2 млн. т. Вуглі прыдатныя для выкарыстаньня ў выглядзе энэргетычнага і камунальна-пабытовага паліва. Прагнозныя запасы гаручых сланцаў (глыбіня да 600 м) складаюць да 11 млрд. т і ствараюць буйны сланцаваносны раëн плошчаю каля 20 тыс. км2. Папярэдне вывучаны Любанскае і Тураўскае радовішчы. На Беларусі неабходна распрацаваць сучасныя праэкты энэргетычнага выкарыстаньня драўніны. Гэта тычыцца "энэргетычных" лесанасаджэньняў і найперш швэдзкага досьведу, дзе для гэтых мэтаў выдзеленыя ўчасткі зямлі з павялічанай вільготнасьцю і непрыдатныя для вырошчваньня таварнай драўніны. Велізарную пэрспэктыву мае брыкетаваньне пілавіньня, галін, кары, верхавінак дрэў, адыходаў лесаперапрацоўкі і г. д. Пры брыкетаваньні (што даўно робяць на Захадзе) энэргетычная каштоўнасьць драўніны павялічваецца ў 1,5 разы. Страты пры лесанарыхтоўках складаюць каля 2 млн. м3.
Устаноўлена, што гіганцкія ГЭС неэфэктыўныя і небясьпечныя для экалёгіі, але невялікія лакальныя гідраэлектрастанцыі здольныя забясьпечваць электраэнэргіяй значныя раёны.
Міністэрства энэргетыкі ЗША у свой час, апублікавала сьпіс 10 найбольш небясьпечных ядзерных рэактараў катэгорыі высокай рызыкі. Натуральна ўсе яны знаходзяцца на тэрыторыі Усходняй Эўропы і краінаў так званага СНД. У гэты пералік ўваходзяць: 1-шы і 2-гі блокі ЧАЭС (Украіна); 1-шы і 2-гі блокі Кольскай АЭС (Расея); энэргаблокі Ігналінскай АЭС (Летува); Багунічскай АЭС (Славакія); Казладуйская АЭС (Баўгарыя).
Вядомы скандал быў з паўночнакарэйскімі АЭС савецкай пабудовы, дзякуючы якім Паўночная Карэя атрымала магчымасьць мець ядзерныя зарады ўласнай вытворчасьці. Таксама ў сувязі з супрацоўніцтвам Расеі з Іранам у ядзернай галіне. Агульнавядома імкненьне таталітарных рэжымаў мець ядзерную зброю, дзеля чаго без існаваньня АЭС ніяк не абысьціся...
Мінулыпасьля Чарнобыльскай катастрофы час, быў скарыстаны апалагетамі ядзернай энэргетыкі (як заходнімі так і расейскімі) дзеля рэабілітацыі сындрому грамадзкай сьвядомасьці, што набыла пасьля атамнай аварыі “чарнобыльскі комплекс”. У любой дзяржаве, а тым больш у таталітарных, існуюць групы людзей і адпаведныя арганізацыі, інтарэсы якіх уплываюць на прыняцьце важных у атамнай галіне рашэньняў. Яны, абапіраючыся на актуальнасьць пэўнага моманту, аргумэнтуюць неабходнасьць прыняцьця менавіта такіх рашэньняў, якія неабходныя для іх асабістага дабрабыту, і дзеля гэтага яны не спыняюцца ні перад чым. Зразумела таму, што вядомыя асобы — А. Сахараў, Р. Пасько (Расея), Ю. Бандажэўскі (Беларусь) якія асьвятлялі, непажаданыя для гэтых колаў адмоўныя бакі савецкай (расейскай) ядзернай энэргетыкі, у выніку вымушаны былі спазнаць рэпрэсіўныя ўзьдзеяньні пэўных ворганаў.
Апрацоўка грамадзкай думкі, асабліва ва ўмовах адсутнасьці дэмакратыі, дае свой дрэнны плён. Зьяўляецца хлусьня ў выглядзе вартай даверу інфармацыі пра адсутнасьць аварыяў на АЭС, ці ў крайнім выпадку пра іх нязначнасьць. Зноў, быццам бы не было і няма наступстваў ад аварыі ў Чарнобылі і ад ядзерных выпрабаваньняў. У 1945–1995 гг. было зьдзейсьняна 2057 ядзерных выбухаў, зь іх 1547 — падземныя і падводныя. Адмыслоўцы ад ядзернай галіны пераконваюць людзей у выключнай бясьпецы, адсутнасьці альтэрнатывы і эканамічнай выгадзе ад выкарыстаньня ядзернай энэргетыкі (АЭС). Нягледзячы на тое, што яшчэ ў 1980 г. былі спыненыя ядзерныя выбухі ў атмасфэры (туды трапляе 75% радыёізатопаў ад выбухаў), частка радыёактыўных рэчываў выпадае доўгі час, працягвае забруджваць глебавае покрыва і ваду плянэты. Вытворчасьць і выпрабаваньне ядзернай зброі, эксплуатацыя АЭС прывялі да выкіду ў атмасфэру вялізарнай колькасьці радыёнуклідаў.
“Атамныя бомбы, якія даюць электрычнасьць” так называюць расейскія (савецкія) АЭС за мяжой. Пасьля Чарнобыля ўжо адбыліся буйныя катастрофы, якія ўтойвалі ад грамадзкасьці. Аварыя на Кольскай АЭС у лютым 1993 г., прывяла да выкіду радыёактыўных газаў, у выніку выпраменьваньне, каля блока, павялічылася ў 20 разоў. Як адзначае чл.-кар. РАН Яблыкаў, толькі са студзеня 1992 па лістапад 1994, на АЭС Расеі і Летувы (Ігналінская АЭС) было больш за 380 аварыйных сытуацыяў, у тым ліку 5 сур'ёзных з выкідам радыёактыўных рэчываў. Адзначым, што Ленінградская АЭС ужо выпрацавала свой рэсурс, але працягвае працаваць далей.
Аналізуючы аварыі і катастрофы на Балакоўскай АЭС (Расея), дасьледчыкі адзначаюць вострую неабходнасьць утылізацыі забруджанага абсталяваньня. У недалёкім будучым адпрацаваныя ядзерныя блокі, сховішча радыёактыўных адыходаў будуць знаходзіцца на беразе Волгі і паблізу г. Балакова нявызначана доўгі час. Але надзвычай ненадзейна працуюць і нядаўна пабудаваныя расейскія АЭС. 7 лістапада 2003 г., пасьля спрацоўваньня аўтаматычнай абароны, быў адключаны энэргаблок самай новай расейскай АЭС — Валгадонскай (яе пусьцілі ў лютым 2001 г.). Пра збой атамшчыкі паведамілі толькі праз чатыры дні пасьля аварыі. Непланавае спыненьне рэактара Валгадонскай АЭС было ня першым і не апошнім за нядоўгі час працы новай станцыі.
Заўважым, што калі гаворка ідзе пра адносна надзейна працуючыя АЭС (не расейскай вытворчасьці), без частых аварыйных выкідаў, дык таксама існуюць даказаныя факты адмоўнага ўзьдзеяньня АЭС на чалавека. Так у штаце Масачусэтс, было выяўлена, што ў людзей, якія працуюць і жывуць у двадцацімілевай зоне АЭС “Пілігрым”, каля Плімута, у чатыры разы вышэй захворваньне лейкеміяй, чым звычайна. Павялічаная колькасьць выпадкаў рака у зоне АЭС “Траян”, штат Арэгон. У паселішчы, каля брытанскага ядзернага цэнтра ў Селафілдзе, захворваньне дзяцей лейкеміяй у 10 разоў вышэй чым па краіне.
Лабісты АЭС ідуць наўпрост на падман грамадзкасьці, калі параўноўваюць выкіды з вугальных электрастанцыяў з выкідамі на АЭС. Але на самой справе, яшчэ у 1977 годзе Навуковы камітэт ААН па праблемах ўзьдзеяньня радыяцыі паказаў, што на мегават атрыманай энэргіі, ўзьдзеяньне вугальных станцыяў у 375 разоў ніжэй за АЭС.
Забруджваньне радыяцыяй заўсёды спадарожнічае атамнай энэргетыцы — здабычы і перапрацоўцы ўрана, працы АЭС, захаваньню і рэгенерацыі паліва. У 1991 г. МАГАТЭ апублікавала рэестр, дзе былі дадзеныя актыўнасьці, каардынаты і глыбіня 47 месцаў знаходжаньня ў марскіх водах радыёактыўных адыходаў Нямеччыны, Вялікай Брытаніі, Новай Зеландыі, Італіі, Карэі, Нідэрляндаў, Францыі, Швайцарыі, Швэцыі і Японіі. Дадзеныя па СССР былі апублікаваныя ў 1993 г. У 1959-1992 гг. СССР (Расея) скідвалі ў паўночныя марскія воды вадкія і цьвёрдыя радыёактыўныя матарыялы.
У Намеччыне падлічылі, што захаваньне АЯП (адпрацаванага ядзернага паліва) значна таней за яго перапрацоўку і дазволяе сэканоміць бльш за 3 млрд. дал. Гэтым кіруюцца шатландскія і ангельскія АЭС. У Галяндыі ў 1993 г. парлямант вынес рашэньне пра неабходнасьць захоўваньня АЯП, а не перапрацоўкі. Вядома, што кошт захаваньня аднаго грама плутонія складае 15 даляраў (15млн. дал./т). Гэта маленькі прыклад, таго якіх грошаў каштуе захаваньне АЯП...
Ідзе гаворка пра рэактары, дзе можна будзе спальваць плутоній, але пакуль іх няма. Адмыслоўцамі-ядзершчыкамі сьвядома замоўчваецца галоўная экалягічная небясьпека ад нармальна працуючых АЭС — забруджваньне біясфэры плутоніем. На зямной кулі было не больш за 50 кілаграмаў гэтага надзвычай таксічнага элемэнта да пачатку ягонай вытворчасьці чалавекам. Атамныя станцыі сьвету зараз напрадукавалі ўжо шмат сотняў тон плутонія. Каралеўскае навуковае таварыства паведаміла, што запасы збройнага плутонія ў Вялікай Брытаніі дасягнулі 100 тон, гэтай колькасьці дастаткова каб вырабіць 17 тысяч атамных бомб, гаворыцца ў дакладзе. Брытанскі плутоній атрыманы галоўным чынам з адпрацаванага уранавага паліва, якое выкарыстоўвалася на АЭС. Варта адзначыць, што на нармальна працуючай АЭС, заўсёды прысутнічаюць выкіды радыёізатопаў інэртных газаў. Эколагамі даказана, што радыёізатопы інэртных газаў, якія раней лічыліся бясьпечнымі назапашваюцца ў клетках жывога. Назапашваюцца ў клетках радыёізатопы трытыя, вуглярода-14, амэрыцыя, плутонія, ёда-131 і іншых, што выклікае вядомыя наступствы для арганізмаў.
Працэсы, якія ідуць пры захаваньні АЯП далёка ня вывучаныя. Звычайна такія адыходы ўяўляюць сабой сумесь розных радыёактыўных і хімічных рэчываў. У кожным сховішчы непазьбежна ідуць свае працэсы, незалежна ці тое падземная выпрацоўка ці штучная ёмістасьць, ці вадаём... Пра гэта сьведчыць катастрофа на Паўднёвым Урале, у 1957 г., пра якую замоўчвалі да 90-х гадоў.
Як вядома, на тэрыторыі Аўстрыі няма ніводнай дзеючай АЭС. Мала таго, аўстрыякі нэгатыўна ставяцца да МАГАТЭ і патрабуюць ад мэра Вены, каб МАГАТЭ пакінула краіну. Гэта выклікана найперш дзейнасьцю МАГАТЭ якая лабіруе інтарэсы ядзерна-прамысловых комплексаў шэрагу краінаў у будаўніцтве ядзерных аб'ектаў (у прыватнасьці).
МАГАТЭ было ўтворана ў 1957 г. ААН. Але зараз агульнавядомая архаічнасьць гэтай арганізацыі, МАГАТЭ зацікаўлена ў распаўсюджваньні ТОЛЬКІ ядзерных тэхналёгіяў, нягледзячы на тое, што з разьвіцьцём навукі і тэхналёгіяў зьяўляюцца новыя, альтэрнатыўныя тэхналёгіі. Адышло ў былое тое, што было перадавым у 50 гг., — быццам бы атамная энэргія нясе пазбаўленьне чалавецтву ад усіх бедаў і неабходна толькі сачыць за нераспаўсюджваньнем ядзернай зброі (праўда, намаганьні МАГАТЭ ў сувязі з гэтым, адносна Ірана, Паўночнай Карэі і некаторых іншых краін паказваюць няздольнасьць ці нежаданьне гэтай арганізацыі дасягнуць станоўчага выніку). Варта заўважыць, што статут МАГАТЭ ськіраваны на распаўсюджваньне ядзерных тэхналёгіяў, а менавіта для гэтага МАГАТЭ і стваралася, таму ягоныя супрацоўнікі і ня могуць выступаць супраць свайго працадаўцы.
Адмоўная дзейнасьць МАГАТЭ праявілася пры ацэнцы наступстваў Чарнобыльскай катастрофы. Арганізаваныя МАГАТЭ камісіі паказвалі толькі адзін вынік — “нічога страшнага няма”. Гэта пры тым, што ў 90-гады ўжо існавалі дадзеныя, якія паказвалі адмоўнае ўздзеяньне радыяцыі (у тым ліку і малых дозаў) на чалавека, на рост захворваньняў і павелічэньне сьмяротнасьці на Беларусі, Украіне. Нічога не было сказана супраць экспэртамі МАГАТЭ, пра тое, што ўлады некалькі разоў “падымалі планку” афіцыйна дапушчальных узроўняў утрыманьня радыёнуклідаў у прадуктах харчаваньня чалавека. Варта ведаць, што нават выбар пляцоўкі пад будаўніцтва АЭС і далейшыя дзеяньні ў гэтым накірунку рэгламентуюцца нарматыўнымі актамі МАГАТЭ, але МАГАТЭ маўчыць ведаючы, што некаторыя таталітарныя рэжымы будуюць АЭС, альбо імкнуцца іх будаваць, дзеля завалоданьня ядзернай зброй і шантажа сусьветнай супольнасьці (што выдатна бачна на прыкладзе паводзінаў Паўночнай Карэі).
Абурэньне выклікаў, у прыватнасьці, даклад, які агучылі напярэдадні 20-годзя Чарнобыльскай катастрофы — гэта справаздача МАГАТЭ і Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя (СААЗ, альбо расейская абрэвіятура ВОЗ), якая зьявілася напрыканцы 2005 г. Галоўная выснова: ніякіх сур'ёзных наступстваў для людзей пасьля Чарнобыльскай аварыі не чакаецца, будзе не больш за 4 000 летальных выпадкаў ад рака ў чарнобыльскім рэгіёне. Гэтая заява стала галоўнай прычынай стварэньня сур'ёзных альтэрнатыўных справаздачаў незалежных навукоўцаў. Найбольш поўныя даклады існуюць ад нямецкага аддзяленьня міжнароднай арганізацыі “Лекары за папярэджаньне ядзернай вайны” (Бон) і незалежных заходніх навукоўцаў пад эгідай дэпутатаў Эўрапарлямэнта.
Вывучыўшы справаздачу МАГАТЭ І СААЗ немецкія навукоўцы адзначылі — “МАГАТЭ І СААЗ у сваіх афіцыйных заявах маніпулююць уласнымі дадзенымі. Іх справаздача аб ўздзеяньні наступстваў Чарнобыля на здароўе людзей мае невялікія адносіны да рэальнасьці”. Незалежныя навукоўцы таксама адзначылі, што “Чарнобыльскі форум” МАГАТЭ і СААЗ не прыняў да ўвагі выснову Навуковага Камітэту ААН па ўзьдзеяньню атамнай радыяцыі пра тое, што ў сьвеце чакаецца ад 28 000 да 69 000 сьмерцяў ад рака і лейкеміі ў сувязі з Чарнобыльскай катастрофай. А калі падлічыць яшчэ і канцэрагенныя хваробы, дык гэтая лічба будзе яшчэ вышэй”. На Захадзе мала ведаюць каштоўныя дасьледваньні беларускіх навукоўцаў паколькі няма перакладаў на заходнія мовы. У бонскім дакладзе прыводзяцца дадзеныя, што больш за 90% ліквідатараў сталі інвалідамі. У Беларусі, па заключэньню групы навукоўцаў, больш за 10 000 чалавек захварэлі на рак у выніку Чарнобыльскай катастрофы. Нават СААЗ вымушаны быў прызнаць у сваіх матэр'ялах, што толькі на Гомельшчыне больш чым 50 000 дзяцей захварэюць ракам на працягу жыцьця.
У дакладзе “20 гадоў пасьля Чарнобыля: альтэрнатыўная справаздача” падрыхтаванай пад эгідай дэпутатаў Эўрапарлямэнта, зьвяртаецца ўвага на разыходжаньні дасьледваньняў незалежных навукоўцаў і МАГАТЭ-СААЗ. Адзначана, што 40% тэрыторыі Эўропы было забруджана цэзіям-137 вышэй, чым 4 кілобекерэлі на квадратны мэтр. Аўтары даклада адзначаюць “У дакладах МАГАТЭ-СААЗ увогуле не абмяркоўваюцца чарнобыльскія выпадзеньні ні ў якіх іншых краінах, апрача як на Беларусі, Украіне і Расеі...” Адзначаецца, што шмат у якіх краінах Эўропы былі ўжытыя меры па забароне спажываньня радыёактыўна забруджанай прадукцыі. Дзікі, ласі, а таксама грыбы, ягады, рыба ў пэўных раёнах Нямеччыны, Аўстрыі, Ііталіі, Швэцыі, Фінляндыі, Летувы і Польшчы ўсё яшчэ маюць высокі ўзровень радыёактыўнага забруджваньня.
Дзейнасьць МАГАТЭ і СААЗ сьведчаць пра палітызаванасьць згаданых арганізацыяў і іх змову з коламі ядзерна-прамысловых комплексаў пэўных краінаў у справе скажонай інфармаванасьці насельніцтва пацярпелых раёнаў, што выклікае агульны недавер да іх працы.
У чэрвені 2007 г. у сувязі са зваротам да МАГАТЭ беларускага боку, пачалася рэалізацыя дадатковага праэкта “Распрацоўка аптымальных шляхоў інтэграваньня АЭС у энэргетычную сістэму Беларусі” з бюджэтам у 49 тыс. дал. ЗША.
Улада на Беларусі, якая гвалтоўна ўтрымліваецца купкай стаўленікаў КГБ-шнай Расеі, — улада беларусафобаў (якая зь нянавісьцю, мэтанакіравана вынішчае ўсё беларускае — мову, літаратуру, школу, тэатар, гісторыю, эканоміку, ахову здароўя, нацыянальную бясьпеку, нацыянальныя адметнасьці) ўзялася за апошняее — канчатковае зьнішчэньне беларускага народа. Асоба, якая пры сваёй абсалютнай адукацыйнай і агульнакультурнай нікчэмнасьці, нянавісьці да ўсяго беларускага, супрацьпраўна займае вышэйшую пасаду на Беларусі, гэтая асоба выдала наступнае: “Гарантированно обеспечить Белоруссию более дешевой электроэнергией поможет строительство современной, надежной атомной электростанции. Ее возведение позволит снизить потребности государства в импортных энергоносителях почти на треть.” І гэта пры тым, што менавіта пры непасрэдным удзеле згаданай асобы, Беларусь была безальтэрнатыўна прывязана да палітыкі і эканомікі імпэрскай Расеі, да яе нафты і газу. Зараз яны хочуць, апрача ўсяго іншага, прывязаць Беларусь і ў атамнай галіне да гэбісцкай Расеі (пры ўсіх згаданых адмоўных акалічнасьцях атамнай энэргетыкі).
Улады, што незаконна кіруюць цяпер у Беларусі, сьвядома нічога ня робяць у патрэбным накірунку структурных пераўтварэньняў паліўна-энэргетычнага комплексу краіны. Яны нічога не кажуць пра катастрафічную энэргаёмістасьць беларускай прамысловасьці, пра існуючыя альтэрнатыўныя (ядзернай энэргетыцы) больш танныя і бясьпечныя крыніцы энэргіі, пра неабходнасьць сучаснага аналізу беларускага паліўна-энэргетычнага комплесу (з прыцягненьнем незалежных адмыслоўцаў з прамыслова-разьвітых краінаў) для прыняцьця адпаведных дзеяньняў па ягонаму пераўтварэньню ў перадавую галіну. Замест гэтага вырашана гігантскія сродкі накіраваць на катастрофу.
Пабудова АЭС на Беларусі (заходняй ці расейскай вытворчасьці), ва ўмовах панаваньня прарасейскай улады, улады беларусафобаў прывядзе толькі да аднаго — да канчатковага зьнішчэньня беларускай нацыі і, адпаведна, — краіны.
Авантурныя дзеяньні і выступы розных лабістаў ад атамнай энэргетыкі на Беларусі (не істотна, усходніх ці заходніх) з хлусьлівымі заявамі пра таннасьць электраэнэргіі атрыманай на АЭС, выклікаюць выключнае абурэньне, таму што не гаворыцца пра кошт ядзернага паліва (які няспынна падымаецца), не гаворыцца пра кошт утылізацыі адпрацаванай АЭС (які роўны яе будаўніцтву), не гаворыцца пра кошт захаваньня АЯП, не гаворыцца пра надзвычайную ненадзейнасьць АЭС (асабліва расейскіх), не гаворыцца пра пагрозу якую нясе АЭС для ўсяго жывога на Беларусі, для Эўропы і ўсяго сьвету, што ёсьць злачынствам, якое нельга дапусьціць.