СКВАПНАЯ БЮРАКРАТЫЯ
22 лютага 2008 г. Румынская газэта “Adevarul” публікуе артыкул пад тытулам “Кумаўство і карупцыя ў Эўрапарляманце”. Эўрадэпутат ад лібэрал-дэмакратаў брытанец Крыс Дэвіс пачаў распаўсюджваць двухгадовую фінансавую справаздачу Эўрапарляманта. Справаздача цікавая. Штогод кожны эўрадэп атрымлівае па 185,9 тысячаў эўра на ўтрыманьне свайго дэпутацкага штабу, сацзабесьпячэньне і ахову свайго здароўя. У суме на ўсіх эўрадэпаў атрымліваецца даволі астранамічная лічба — 132 мільёны эўра штогод (!). Дэвіс дэманструе безьліч прыкладаў парушэньняў. Эўрадэпы актыўна бяруць на працу ў свае каманды сваіх сямейнікаў, якія вельмі часта ня маюць адпаведнай кваліфікацыі. Выпісваюць самы сабе прэміі і бонусы (часам у дзесяткі разоў вышэйшыя за іхны заробак). Для маніпуляцыяў зь вялізнымі сумамі эўрадэпутаты стварылі шэраг фантомных і падстаўных фірмаў. Фактамі зацікавіўся камітэт Эўрапарляманту па барацьбе з карупцыяй.
Наш камэнтар: Газэта піша, што гэта далёка ня першы скандал у брусэльска-стразбурскіх структурах. Хутчэй тыповы скандал (ці форма існаваньня) для гэтага вавілонскага фантома. Ня дзіва, што кіраўніцтва эўрапейскіх структураў надта ж часта і паслухмяна выконвала загады сваіх маскоўскіх паплечнікаў. “Карупцыянэры ўсіх краінаў, яднайцеся!”
У сувязі з публікацыяй Крыса Дэвіса зьмяшчаем з архіву нашай Інтэрнэт-старонкі рэзкі артыкул кіраўніцтва нашай партыі (КХП — БНФ), падпісаны Зянонам Пазьняком (гл. ніжэй) пра норавы Эўразьвязу. Артыкул напісаны амаль тры гады таму.
Алесь Хадасевіч
БЭНІТА ВАЛЬДНЭР МУСІЦЬ ЗЫЙСЬЦІ Ў АДСТАЎКУ
Кіраўніцтва Беларускага Народнага Фронту і Партыі БНФ зьвяртае ўвагу на беспрынцыповасьць пазыцыі Спэцыяльна ўпаўнаважанай для зьнешніх зносінаў Эўрапейскай Камісіі Бэніты Фэрэра Вальднэр.
Арганізацыя замежнага вяшчаньня на Беларусь на мове акупантаў гэтай краіны (гэта значыць на рускай мове) сьведчыць аб непавазе да беларусаў як эўрапейскай нацыі, гаворыць пра неабавязковасьць прытрымлівацца прынятых пазыцыяў у палітыцы Эўразьвязу.
Беларусы ў 1991 годзе дэмакратычным шляхам аднавілі незалежнасьць сваёй краіны і прызналі беларускую мову адзінай дзяржаўнай мовай вольнай дзяржавы, за што прагаласавалі ў парляманце дзьвюма трацінамі галасоў.
Гэтае ж палажэньне аб дзяржаўнасьці беларускай мовы беларускі парлямант зацьвердзіў у новай дэмакратычнай Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, якая была прынятая ў 1994 годзе. Эўропа, краіны Эўразьвязу прызналі гэтую дэмакратычную Канстытуцыю і незалежнасьць нашай краіны.
Потым, у 1996 годзе, кіраўнік выканаўчай улады і стаўленьнік КГБ Расеі А. Лукашэнка незаконным шляхам скасаваў Канстытуцыю 1994 года, зрабіў акупацыйны пераварот і незаконна ўвёў сваю канстытуцыю, дзе фармальна зацьвердзіў савецкае “дзьвухмоўе”, якое, як і за саветамі, стала спосабам забароны беларускай мовы і русіфікацыі ў беларускай дзяржаве.
Эўропа і Эўразьвяз не прызналі легітымнасьці лукашэнкаўскай канстытуцыі. І што ж цяпер? Спадарыня Бэніта Вальднэр яе, выходзіць, прызнала і імкнецца праводзіць русіфікацыйную палітыку Лукашэнкі ў Эўразьвязе. Вось гэта Спэцыяльна ўпаўнаважаная асоба! Вось гэта палітыка!
Умовы чарговага тэндару на вяшчаньне ў Беларусь у другі раз упарта прынятыя спадарыняй Бэнітай Вальднэр з прыярытэтам найперш для “Нямецкай хвалі” (потым для Бі-Бі-Сі ды французкай кампаніі). Гэта ў той час калі ў Польшчы і Летуве ўжо ёсьць тэхнічныя магчымасьці і вопыт беларускага вяшчаньня (але іх нават не дапусьцілі да тэндару).
Ёсьць стандартныя палажэньні ў дзяржаўнай палітыцы фінансаваньня. Калі дзяржаўны чыноўнік насуперак карысьці справы аддае прыярытэт (падыгрывае) буйнаму мэдыйнаму бізнэсу — справа пахне карупцыяй (нядаўна ў Польшчы быў падобны выпадак — так званыя “справа Рывіна”).
Аднак пытаньне фінансавай тэндэнцыйнасьці мэдыятэндару — гэта клопаты Эўразьвязу. Вернемся да русіфікацыі. Расейская мова ў цяперашняй Беларусі — гэта мова акупацыйнага дыктатарскага рэжыму Лукашэнкі. Русіфікацыя — гэта сутнасьць антыдэмакратычнага рэжыму на Беларусі. Расейска-савецкія акупанты-камуністы расстралялі сотні беларускіх пісьменьнікаў за беларускую мову, зьнішчылі тысячы беларусаў. Рэжым перасьледуе беларускую моладзь за беларускую мову, а моладзь змагаецца за яе. Цяпер ёй трэба будзе змагацца яшчэ і з заходняй русіфікацыяй.
Спадарыня Бэніта Вальднэр, відаць, не адпавядае ўзроўню сваёй пасады ў Эўразьвязе. Ёй лепш пакінуць складаную для яе пасаду і пайсьці ў адстаўку, чым ствараць прблемы на Ўсходзе Эўропы.
16.09.2005 ЗЯНОН ПАЗЬНЯК
Нью-Ёрк Старшыня Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”
Дэпутат Вярхоўнага Савета 12-га скліканьня.