ДРАМА Ў СЭРБІІ
19 лютага 2008 г. Італьянская газэта “Corriere della Sera” пісала пра абвяшчэньне незалежнасьці Косава ад Сэрбіі. На вуліцах гарадоў і вёсак танцуюць радасныя албанцы. У Сэрбіі натоўпы атакуюць амэрыканскія і заходнія прадстаўніцтвы, грамяць славенскі гандлёвы цэнтар (Славенія — дзяжурны па Эўразьвязу). Масква робіць пагрозьлівыя заявы.
Наш камэнтар: Успомнім чэрвень 1991 года. Калі народы абвясьцілі дзяржаўную незалежнасьць ад белградскай імпэрыі (Югаславіі), група сэрбскіх генэралаў тэрмінова вылецела ў Маскву. Там іх сустрэлі крамлёўскія товарішчі, паабяцалі ім падтрымку і дапамогу, падказалі: “душыце, як мы душым”... Ёсьць дакумэнтальныя здымкі з пэрыяду пасьля вяртаньня прыбадзёраных генэралаў. Прадстаўнікі маладых дзяржаваў прыехалі ў Белград з прапановай міра, супрацоўніцтва і цывілізаванага дэмантажу імпэрыі. За дубовым сталом насупраць іх сядзела генэральска-цэкоўская кодла з пыхлівымі і агрэсіўнымі тварамі. Пасьля кароткіх перамоваў ваенны міністар (неіснуючай ужо) Югаславіі грукнуў аб стол зьвязкай ключоў і гаркнуў нешта накшталт “Тады будзе іншая размова...” Пачалася кашмарная вайна, масавыя забойствы, бамбардоўкі мірных гарадоў і бясконцы шэраг сэрбскіх злачынстваў. Згаданыя генэралы і банды імпэрцаў пацярпелі ў гэтай вайне сакрушальную паразу, давялі да галечы і стрэсу ўласна сэрбскі народ. У беларускіх патрыётаў няма і ня можа быць спачуваньня імпэрцам. А Масква надрываецца пагрозьлівым крыкам, бо, мабыць, бачыць наступнай па чарзе на канчатковы развал сваю імпэрыю.
Алесь Хадасевіч