ЗНОЎ ПАДТРЫМАЮЦЬ РЭЖЫМ І СКАЖУЦЬ СВАЁ “НЕТ”.

10 лютага пачалося “перадвыбарчае гуканьне” з боку прамаскоўскай псэўдаапазыцыі. Падстаўныя дзеячыкі (вінцучкі-лебедько і іншыя, пра каторых ўсе неяк ужо забыліся) галасавалі за кандыдатаў на рэжымныя выбары ў “палаткі”, што маюць адбыцца ўвосень сёлета. Абралі 50 “кандыдатаў”, абяцаюць прызначыць яшчэ большую колькасьць. Найбольш іранічна пракамэнтавала гэты фарс інтэрнэт-старонка tut.by, даўшы інфармацыю пад тытулам “Назначены кандидаты, которые не попадут в парламент”. З падстаўных усе сьмяюцца, але тыя не зважаюць на сьмех і шыхтом рвуцца на рэжымны выбарчы фарс. Яны спадзяюцца, што немцы і Масква падкінуць ім грошай дзеля стварэньня імітацыйнага шумавіньня з крыкамі “іді і скажі своё НЕТ”. У чарговы раз падстаўныя зьбіраюцца завесьці беларусаў у тупік і зарабіць на гэтым. Няўжо людзі паслухаюць іх?

А ўжо 12 лютага ў “выбарчую атаку” пайшоў непараўнальны “адзіны лідэр” Мілінкевіч. Цікава, сам рэжым яшчэ нават не прамаўляў пра маючыя адбыцца выбары, а гэтыя ўжо выхапілі з похвы свае кардонныя шабэлькі і пачалі махаць імі над галовамі нашых людзей. Ды гукаць: “Товарішчі, все на выборы! Проголосуем за демократіческіх кандідатов! Ні шагу назад!” Дэкарацыі псэўдаапазыцыйнага шоў таксама зьляпаны з кардона. Мілінкевіч наладзіў сваё шоў пад гмахам Першамайскага райвыканкама сталіцы (яго, маўляў, туды не пусьцілі). Радыё Свабода апэратыўна засьвяцілася рэпартажам з гэтай пустышкі, якую з помпай назвала “сустрэчай з выбаршчыкамі і пачаткам паездак Мілінкевіча па краіне”. Падман беларусаў сумеснымі намаганьнямі антыбеларускага рэжыму і прамаскоўскай псэўдаапазыцыі, падобна, што зноў паўтараецца.

Юрка Марозаў