РАСЕЙСКАЯ СТАТЫСТЫКА

21 лютага 2008 г. Польская газэта “Gazeta Wyborcza” публікуе інтэрвію з прафэсарам Якавам Глінскім, загадчыкам катэдры крымінальнага права Пецярбургскага Пэдагагічнага ўнівэрсітэта імя Гэрцэна (ён вядзе курс і ў Акадэміі МУС РФ). Цытуем: “За восем гадоў ўлады Пуціна ў Расеі драматычна вырасла злачыннасьць, колькасьць самагубстваў, хабарніцтва і сацыяльная няроўнасьць. Маючы каласальныя прыбыткі ад продажу сыравіны, улада нават не аслабіла вынікі найбольш вострых сацыяльных праблемаў”. Прафэсар прыводзіць жудасную статыстыку. Паводле афіцыйных дадзеных, у 2007 г. было зьдзейсьнена 20 забойстваў (на самай справе — 30) на 100 тысячаў чалавек. Гэта столькі ж, колькі было ў найбольш крывавы год “расейскай дэмакратыі” — 1994. Па статыстыцы забойстваў Расея на трэцім месцы ў сьвеце пасьля Рэспублікі Паўднёвай Афрыкі і Калумбіі. Нідзе ў Эўропе няма столькі самагубстваў, як у РФ. Карупцыя і крыміналізацыя ахапіла дзяржаўныя службы. Прафэсар Глінскі зрабіў апытаньне ў адным з раёнаў Піцера на тэму “Хто вас “крышуе” (прыкрывае за грошы). Да шапікаў на вуліцы рэгулярна падыходзіць мясцовы пастарунковы міліцыянт і “зьбірае дань”. Прыватную фірму на пятым паверсе дома “крышуе” непасрэдна мясцовае аддзяленьне міліцыі. А вось лакальнае казіно “крышуе” сама ФСБ. Сьмяротнасьць дасягнула ў краіне жудасных памераў. Праблемай зьяўляецца таксама адчай і бязьвер'е мільёнаў людзей, асабліва маладых. І ўсё гэта адбываецца на фоне пераможных рэляцыяў пуцінскай улады.

Наш камэнтар: Так, гэта вам не гора-аналітыкі кшталту, так званых, “незалежных сацыёлагаў” ў Беларусі. Ці не з нашых Глінскіх гэты пецярбургскі прафэсар? Нават у найбольш кашмарным грамадзтве заўсёды знойдзецца хаця б адзін чалавек, які скажа праўду.

Алесь Хадасевіч