ГЕРАРХ-АРЫГІНАЛ
8 лютага 2008 г. Нідэрляндская газэта “De Telegraaf” піша пра сэнсацыйны выступ фармальнага прымаса Англікансканскага Касьцёла арцыбіскупа Кэнтэрбэрыйскага. Пратэстанцкі аўтарытэт заявіў, што ўвядзеньне некаторых правілаў шарыяту (мусульманскага традыцыйнага права) у брытанскае заканадаўства непазьбежна. Шэраг палітыкаў і грамадзкіх дзеячаў выказалі абурэньне гэтай прамовай. А англіканскі біскуп Рачэстэра Майкл Назір-Алі (як разумеем, хрышчаны мусульманін) сказаў, што ў Брытаніі законы не спрыяюць разьвіцьцю шматкультурнага грамадзтва. Брытанскія мусульманскія колы не аднойчы пагражалі сьмерцю біскупу Назіру-Алі.
Наш камэнтар: Як разумеем, засталося толькі зьмяніць тыяру на галаве англіканскага арцыбіскупа на чалму, павесіць над гатычным кэнтэрбэрыйскім саборам паўмесяц замест “неталерантнага” крыжа — і настане “царствіе небесное на землі”... Глабальная дэмаралізацыя заходняга грамадзтва дае нават такія знакі маральнага крызісу. Герарх-арыгінал вельмі падобны на аўтарытэтаў з РПЦ, якія настойліва даводзяць беларусам: “Каждая власть от Бога... Нужно только всем перейти на русский язык, влиться в единый русский народ — и настанет царствие небесное...” Добра, што на Захадзе і на Беларусі ёсьць людзі і сілы, якія бароняць сьвятое і роднае.
Юрка Марозаў