ІМІТУЮЦЬ БАЙКОТ
10 лютага 2008 г. Партугальская газэта “Jornal de Noticias” піша пра расейскую “апазыцыю”. Вядомая партыя “Яблоко” заявіла пра неабходнасьць байкоту маючых адбыцца 2 сакавіка сёлета прэзыдэнцкіх выбараў у РФ, бо — цытуем: “Гэта ёсьць імітацыя дэмакратычных працэсаў”. Адзін з кіраўнікоў згаданай партыі Максім Рэзнік патлумачыў, што значыць гэты “байкот”. Ён заклікае выбарцаў ісьці на выбарчыя ўчасткі і запоўніць бюлетэні, прагаласаваўшы адразу за ўсіх кандыдатаў. Так, маўляў, будуць папсаваны бюлетэні, што не дазволіць рэжыму арганізаваць фальсіфікацыю.
Наш камэнтар: Яблачнікі, такім чынам, прапануюць на імітацыю выбараў па-лубянску адказаць імітацыяй байкоту па-яблычнаму. Самае галоўнае (для яблычнікаў і для пуцінскага рэжыму), каб выбарцы прышлі на выбарчыя ўчасткі і зарэгістраваліся, узяўшы бюлетэні. Такое вось знаёмае беларусам “іді і скажі своё НЕТ”. З маскоўскіх “лібэралаў” канчаткова спадаюць маскі “інтэлігенцкай апазыцыі”. Яны, як і мясцовыя лебедько, зьяўляюцца інтэгральнай часткай пануючага рэжыму.
Юрка Марозаў