СТУКАЦТВА

Расейская газэта “Новые Ізвестія” і расейскія інтэрнэт-выданьні абмяркоўваюць тэму стукачызму ў Расеі. Робіцца выснова, што ў апошнія гады (эпоха “разьвітога і трыюмфуючага гэбізму-пуцінізму”) стукачоў па ўсёй імпэрыі зьявілася ў некалькі разоў больш, чым раней. Аналітыкі ацэньваюць гэтую зьяву, ужываючы характарыстыкі кшталту “рост сознательности граждан”, “стучать — это модно” і г.д. Грамадзяне і грамадзянкі масава тэлефануюць і пішуць у ФСБ ды міліцыю на больш багатых, удачлівых або працавітых суседзяў. На Кубані мясцовая адміністрацыя адраджае сьветлы вобраз Паўліка Марозава, мабілізуючы на стукацтва дзяцей і падлеткаў. За эфэктыўнае стукацтва “органы” выплочваюць грошы. Для многіх гэта стаў сапраўдны бізнэс. Самы “органы” творчы падключыліся да працэсу. Згадваецца выпадак у Маскве. Міліцыянты папрасілі свайго стукача “дапамагчы ім са статыстыкай раскрываемасьці правапарушэньняў”. Стукач папрасіў выпадковага мінака патрымаць ягоную барсэтку, а сам уцёк ды напісаў заяву пра “аграбленьне”. Міліцыя “узяла злодзея з палічным”. Няшчасны мінак адседзеў у турме пад сьледствам тры з паловай месяцы, пакуль выпадкова не высьветлілася праўда. І так па ўсёй імпэрыі. Інакш яно і не магло быць пад уладай “псов государевых”.

Янка Базыль