ЛЮТАЎСКІ СОЙМ БЕЛАРУСКАГА НАРОДНАГА ФРОНТУ “АДРАДЖЭНЬНЕ” І КАНСЭРВАТЫЎНА-ХРЫСЬЦІЯНСКАЙ ПАРТЫІ — БНФ
10 лютага сёлета ў Менску адбыўся чарговы Сойм Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ. Сойм заслухаў выступ сп. Зянона Пазьняка, Старшыні Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ — “Пра суд і атамную небясьпеку” (публікуецца).
З дакладам аб становішчы ў краіне выступілі сп. Юры Беленькі, выканаўца на Беларусі абавязкаў старшыні Фронту і Партыі, і сп. Сяргей Папкоў, намесьнік старшыні Фронту і Партыі. Выступоўцы распавялі пра нядаўняе судзілішча, наладжанае рэжымам супраць нашай Партыі паводле неадэкватных і сфальсіфікаваных абвінавачваньняў у “паклёпе”, “абразе” і “тэндэнцыйных выказваньнях”. Дзеяньні прадстаўнікоў міністэрства юстыцыі, пракуратуры і Вярхоўнага суда па абароне “палітыкі і гісторыі Расеі” ад беларускіх патрыётаў — гэты абсурд заслугоўвае ўвагі беларускага грамадзтва. Чыноўнікі Рэспублікі Беларусь становяцца на склізкі шлях дзеяньня на карысьць чужой дзяржавы, а такія дзеяньні падпадаюць пад пэўныя і адназначныя артыкулы Крымінальнага Кодэксу Беларусі. Гэтую зьяву трэба, аднак, разглядаць у кантэксьце ўзмацненьня бруднай рэжымнай кампаніі, мэта якой зганьбіць беларусаў і іхную нацыянальную дзяржаву, беларускую культуру, мову і наш народ. Рэжымныя чыноўнікі і майстры ад прапаганды ўтвараюць блюзьнерскія стэрэатыпы, імкнуцца навязаць беларусам антыбеларускія мадэлі думаньня і паводзінаў, зганьбіць наш народ і давесьці нашае грамадзкае жыцьцё да поўнага абсурду. У адным шэрагу тут — антыбеларускі пасквіль “Павлинка-NEW”, гарэлка пад назовам “Бульбаш”, плякаты з вычварэнскім лёзунгам “Я бульбаш і гэтым ганаруся”. Разам з разбурэньнем нашай эканомікі гэтая антыбеларуская акцыя мае на мэце дэмаралізацыю нашых людзей і падаўленьне іхнай волі да супраціву. Трэба беларусам паўсюдна салідарна пратэставаць і змагацца супраць наступу агрэсіўнай акупанцкай шэрасьці і прамаскоўскага маразму.
Другая важнейшая тэма — абарона Беларусі ад жудаснага атамнага праекта, які Масква зьбіраецца рэалізаваць на нашай зямлі. Ня трэба чакаць, пакуль да справы супраціву пабудовы АЭС далучацца правакатары і імітатары з падстаўной прамаскоўскай апазыцыі. Яны здольныя толькі спляжыць любую сьветлую і сьвятую ідэю (у гэтым і ёсьць іхнае сапраўднае прызначэньне). Наша Партыя павінна неадкладна пачаць фармаваньне шырокай грамадзкай ініцыятывы. Неабходна ўсім народам сарваць забойчы атамны плян Масквы і ейных мясцовых выканаўцаў.
Трэцяя тэма — гэта набліжэньне 90-х угодкаў утварэньня незалежнай Беларускай Народнай Рэспублікі. Прамаскоўская псэўдаапазыцыя ўжо пачала падрыхтоўку да мерапрыемстваў на Дзень Волі. Падстаўныя выказаліся, што зьбіраюцца весьці дэманстрантаў праз цэнтар Менска на вуліцу Валадарскага. Досьвед апошніх гадоў даказвае, што імітатары (мілінкевічы-вінцучкі-лебедько) маюць наступную альтэрнатыву: або паслухмяна завесьці натоўпы беларускай моладзі ў чарговы тупік пад удар рэпрэсіўных сілаў рэжыма (а вул. Валадарскага, дзе знаходзіцца знакамітая турма, зьяўляецца менавіта такім тупіком) або накіраваць калёну на ганебны балотны Бангалор. Проста дзіўна, што многія людзі ў каторы раз ідуць за гэтымі папамі-гапонамі і давяраюцца ім. У сьвяточны Дзень Волі, на 90-я ўгодкі БНР псэўдаапазыцыя можа зноў сапсаваць сьвята і кінуць беларусаў у бессэнсоўныя лабавыя дзеяньні.
Выступілі таксама сябры Сойму з розных рэгіёнаў краіны. Яны распавялі, як мясцовыя прадстаўнікі псэўдаапазыцыі распачынаюць агітацыйную апрацоўку людзей з мэтай у чарговы раз загнаць беларусаў на рэжымныя выбары. Агітатары гарантуюць, што “кіраўніцтва краіны выканае неабходныя ўмовы для правядзеньня справядлівых выбараў”. Падстаўныя зноў імкнуцца ўплываць на людзей і прымусіць іх “сказаць сваё НЕТ” на выбарчых участках. Іхная “канцэпцыя”, аднак, вельмі лёгка перакульваецца. Дастаткова толькі людзям спытацца рытарычна: “Якія могуць быць парляманцкія выбары, калі ў нашай краіне няма легітымнага парляманту? Калі выбары недэмакратычныя? Калі хранічна дзейнічае фалсіфікацыйная машына?” Толькі байкот выбарчага шоў зьяўляецца эфэктыўным спосабам барацьбы ў гэтым становішчы. Па ўсёй краіне рэжым таксама праводзіць чарговую прымусовую акцыю. Ужываючы пагрозы звальненьня з працы, адміністрацыя сістэмы адукацыі прымушае настаўнікаў і выкладчыкаў уступаць у партыю “Белая Русь”, якую стварае рэжымная вэртыкаль як “палітычны падмурак” рэжыму.
Пасьля дыскусіяў Сойм прыняў рашэньне ўтварыць Антыатамны Камітэт і абраў ягоным старшынём сп. Зянона Пазьняка. Галоўная задача Камітэту — абарона Беларусі ад забойчай АЭС, якую рэжым разам з Масквой зьбіраецца будаваць на нашай тэрыторыі.
Інфармацыйная камісія Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ
10 лютага 2008 г.