ПРА СУД І АТАМНУЮ НЕБЯСЬПЕКУ

(Выступ на лютаўскім Сойме Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ і Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”.)

Толькі што, пару дзён таму, скончыўся так званы “суд” паводле нашага іску да Мін’юста аб адмене неабгрунтаванага папярэджаньня ў законнай дзейнасьці Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ. Справу разглядаў Вярхоўны суд. Як і трэба было чакаць у гэтай рэжымнай сітуацыі, што створаная на Беларусі, вынік для нас быў адмоўны. Гэты просты працэс, тым часам, як і сотні іншых судовых працэсаў, дзе судзяць беларусаў, наглядна паказаў, як суды ператварыліся ў палітычныя і рэпрэсіўныя ворганы антыбеларускага рэжыму. Цікава, што прыём (ці стэрэатып), якім паўсюдна карыстаецца рэжымны суд, — грубы і просты, як кій. Рэжымны бок прыдумвае нешта неіснуючае, чаго не было, і выстаўляе як абвінавачваньне (напрыклад, што перасьледваны “нецензурно выражался”); суд, адпаведна, прымае рашэньне. На факты, доказы, сьведчаньні, якія абвяргаюць дамаганьні палітзаказу, суд не зьвяртае ўвагі.

Па аналягічнай схеме адбылося і з намі. Мін’юст прыдумаў (неіснуючыя ў рэальнасьці) цытаты нібыта зь ліста нашай Партыі, а суд прыняў рашэньне, не зьвяртаючы ўвагі на тое, што такіх цытатаў і такога напісаньня ў лісьце няма.

Падкрэсьлю яшчэ раз, што гэта тыповая зьява, характэрная для рэжымных судоў цяперашняга часу. Дэградацыя судовай сістэмы, здаецца, ужо дасягае дна. Памятаю, аднак, 1995 год, калі антыбеларускі рэжым яшчэ толькі пачынаўся, і судовая сістэма існавала больш-менш у рэчышчы законаў. У тым жа Вярхоўным судзе мне прыходзілася судзіцца з А. Лукашэнкам у справе абароны гонару і годнасьці (тады безадказнае ляпаньне языком яму не заўсёды зыходзіла з рук). Вярхоўны суд (паседжаньне, дарэчы, вялося па-беларуску) прызнаў А. Лукашэнку вінаватым і прысудзіў яму прынесьці мне публічныя прабачэньні ў СМІ (радыё, тэлебачаньне). А. Лукашэнка пасьля гэтага спрабаваў на тэлебачаньні нешта карава з сябе выціснуць (кшталту “я конечно извиняюсь, но я...” і г.д.). Але сутнасьць ня ў гэтым. Суддзю, які вёў працэс, сумленнаму і пэрспэктыўнаму юрысту-беларусу, пазьней усё прыпомнілі і ніякага павышэньня па службе ён ужо ня меў. Хаця менавіта такія людзі і такія ўчынкі рабілі і маглі б рабіць гонар беларускай судовай справе.

Другі характэрны факт. У гэтым жа 1995 годзе па волі А. Лукашэнкі і палкоўніка Замяталіна (які тады кантраляваў ідэалёгію і інфармацыю) быў заказаны паклёпніцкі кінафільм супраць Народнага Фронту і асабіста супраць мяне. Неўзабаве гэты фільм быў змайстраваны і пад назваю “Дзеці хлусьні” (“Дети лжи”) паказаны па тэлебачаньні. Фальшыўка была настолькі прымітыўнай, подлай і нахабнай, што раённы суд Першамайскага раёна Менска (куды я падаў іск за паклёп) прысудзіў рэжысёру-рамесьніку, што сфільмаваў опус, зрабіць публічнае абвяржэньне ў СМІ (на тэлебачаньні) сваіх інсінуацыяў.

Ізноў жа, ня ведаю і нічога не магу сказаць пра лёс суддзі, пасьля таго, як антыбеларускі рэжым сеў на галаву ўсёй нацыі. Але і тады, у 95-м, ужо быў гэты рэжым, і тады зьбівалі людзей, і ўводзілі войска ў парлямант. Аднак, тады суддзі (шмат хто) стараліся яшчэ трымацца закону і не сьпяшаліся кідаць свой прафэсійны гонар пад ногі чужых.

Тое, што адбываецца з судовымі асобамі цяпер, пакідае сумнае відовішча. Але, нават улічваючы ўсе зьмякчаючыя абставіны, дараваньня ім за несправядлівыя і незаконныя прысуды быць ня можа. Наўрад ці такія несправядлівыя суддзі і адступнікі будуць мець прафэсійную пэрспэктыву ў вольнай Беларусі.

Наступная тэма, пра якую я хачу сказаць у гэтым лісьце, — тэма атамнай пагрозы з усходу. Ужо вядома, што рэжым (не без дапамогі Масквы) дадумаўся да будаўніцтва атамнай электрастанцыі на Беларусі.

Гэтае пытаньне ёсьць кардынальна важным (а ў цяперашнім часе — вызначальным) для далейшага існаваньня Беларускай нацыі і дзяржавы. Само па сабе беларускае грамадзтва не падрыхтаванае да ўспрыняцьця такога кроку пасьля Чарнобыля (тым больш, што думкай грамадзтва рэжым не цікавіцца).

Трэба шукаць іншыя сродкі, крыніцы і варыянты энэргіі. Такія магчымасьці ёсьць, але рэалізаваць іх спаўна можна будзе толькі ў вольнай Беларусі, пасьля ліквідацыі прамаскоўскага рэжыму.

Будаўніцтва АЭС ня ёсьць адназначнай задачай для Беларусі, бо сваімі магчымасьцямі наша краіна сама пабудаваць АЭС пакуль што ня зможа. Няма ў нас і ўранавай руды.

Варыянты, якія ў сувязі з гэтым узьнікаюць, не вырашаюць цалкам праблему энэргетычнага забесьпячэньня краіны, але могуць істотна перамяніць геапалітычныя абставіны ў гэтым месцы Эўропы. Пабудова АЭС, напрыклад, па французкіх узорах і тэхналёгіях (як найбольш бясьпечных і прыймальных для Беларусі) выклікала б натуральную прывязанасьць да гэтых тэхналёгіяў і рэсурсаў, спрыяла б заходняй арыентацыі і пашырэньню сувязяў і, галоўнае, пазбаўляла б Беларусь ад аднабокай і небясьпечнай энэргетычнай залежнасьці ад Расеі. Беларусь набывала б поле для манэўру.

У гэтай сітуацыі для нас важная ня толькі большая тэхналягічная бясьпека, але і бясьпека палітычная. Францыя адлеглая ад нас і прыхільная Беларусі краіна, якая не імкнецца нас абфранцузіць, не прыкідваецца “старшым братам”, не пасягае на нашую незалежнасьць і не плянуе нас анэксаваць шасьцю вобласьцямі. Гэта краіна цывілізаваная і нічым нам не пагражае.

Варыянт, калі за пабудову і абслугу беларускай АЭС возьмецца гэбоўская Расея, ёсьць самы небясьпечны для беларусаў. Я казаў ужо раней (алегарычна), што гэта “сьмерць Беларускай нацыі”, капаньне сьмяртэльнай ямы пад цэлы народ і стварэньне энэргетычнага нявольніцтва для ўсёй краіны.

Менавіта рэжым Лукашэнкі стварыў і замацаваў залежнасьць Беларусі ад расейскага газу і нафты. Гэта была ягоная сьведамая палітыка, якая пачалася адразу (ужо ў канцы 1994 г.). Цяпер плянуецца яшчэ і залежнасьць ад ядзернага паліва (якое пастаўляе звычайна той, хто будуе). Поўны камплект залежнасьці. Шматмільярдны і складаны ядзерны аб’ект, у выпадку ўдзелу расейцаў, будзе будавацца па дрэнных расейскіх тэхналёгіях, і адпаведнымі спэцыялістамі і работнікамі, якія, да таго ж, прыдуць на Беларусь цэлай сямейнай дывізіяй. Усё даўно вядома. І тое, як беларусам ствараюць сацыяльныя, атамныя і іншыя праблемы, — вядома таксама.

Краіна, кіруючая эліта якой адкрыта імкнецца да анэксіі Беларусі, гаворыць пра “адзіны расейскі рубель”, пра “інтэграцыю”, пра паглынаньне нашай краіны ў “саюзнай дзяржаве” і т.п., гэтая краіна будзе трымаць руку на пульце нашай атамнай энэргетыкі і ядзернай бясьпекі, кіраваць чарговай “атамнай бомбай”, якую яны ж і падкладуць пад нашае народнае існаваньне. Гэта ня нафта і газ.

Нешта падобнае расейцы плянавалі для нас у 80-х гадах мінулага стагоддзя. Напачатку АЭС хацелі будаваць каля Рудзенска пад Менскам. Потым, пасьля пратэстаў, перанесьлі пляны ў Віцебскую вобласьць. Але там паўстаў шырокі беларускі рух супраць будаўніцтва АЭС, сабралі дзясяткі тысячаў подпісаў, падпісваліся цэлымі заводамі. Узначальваў тады гэты рух Сяргей Навумчык.

Пасьля ўтварэньня Аргкамітэту БНФ Віцебская арганізацыйная група супраць АЭС цалкам улілася ў Народны Фронт. Неўзабаве пляны будаўніцтва АЭС пад Віцебскам удалося спыніць і пахаваць, а Сяргея Навумчыка, Лявона Баршчэўскага і іншых фронтаўцаў людзі выбралі дэпутатамі ў Вярхоўны Савет БССР 12-га скліканьня, які (дзякуючы дэпутатам ад БНФ) адыграў гістарычную ролю ў вяртаньні і ўсталяваньні незалежнасьці Беларусі.

Цяперашняя чарговая сітуацыя з пабудовай АЭС ў Беларусі вельмі сур’ёзнае выпрабаваньне на волю і сілу беларусаў. Трэба змагацца супраць атамных плянаў антынароднага рэжыму, незалежна ад таго, як іх стануць ажыцьцяўляць — разам з Захадам, ці разам з Усходам. Будаўніцтва АЭС чужымі рукамі ў пасьлячарнобыльскай Беларусі ў корані непрыдатная, непрыймальная і небясьпечная справа. Палітычная сітуацыя, якая ўтвараецца вакол плянаў будаўніцтва АЭС, таксама нядобрая з усіх бакоў. Нельга давацца, каб Беларусь уцягнулі ў авантуру, у выбар найгоршага, бо зразумела, што заходняй альтэрнатывы ня будзе.

Выбар павінен быць адзін — дабро, здароўе і шчасьце народу Беларусі.

Зянон ПАЗЬНЯК

Старшыня Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ і Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”

10 лютага 2008 г.