РАСЕЙСКІЯ СПРАВЫ

27 студзеня 2008 г. Летувіская газэта “Lietuvos Rytas” піша пра перадвыбарчую кампанію ў Расеі. На здымку — пад помнікам Леніну выставіла свой самаробны транспарант цётка з неўмяручага тыпу “вечных камсамолак” — “Медведева в цирк, Зюганова в президенты!” Сам галоўны камуніст РФ Зюганаў заявіў быў: “Мы гатовыя ўдзельнічаць у выбарах, а не ў правакацыі”. (Аднак, на выбарчую правакацыю ён сам пойдзе і людзей заклікае па-мілінкевіцку “сказать своё НЕТ”). Газэта дае камуністам 10% на прэзыдэнцкіх выбарах, а перамогу прызначае Медведеву.

Наш камэнтар: У Расеі вырысоўваецца кур'ёзная выбарчая карцінка. Камуністы выконваюць (“с честью”) ролю “непрымірымай антыкрамлёўскай апазыцыі”. Яны цяпер “за дэмакратыю і справядлівыя выбары”... Крэмль-Лубянка даволі хватка разгулялі падстаўную партыю краплёнымі картамі. Нармальным людзям няма на каго зірнуць на выбарчай палітры, дзе цяпер засталіся адно абрыдлая чырвань і дамінуючая лубянская шэрасьць. Зачыстка палітычнага поля на прасторах імпэрыі завяршаецца. Застаецца толькі выкінуць стары савецкі лёзунг “Галасуйце за блёк камуністых і беспартыйных!”

***

27 студзеня 2008 г. Польская газэта “Rzeczpospolita” паведамляла пра перадвыбарчыя лёсы М. Касьянава. ЦВК РФ урэшце заявіў, што не зарэгіструе Касьянава кандыдатам на прэзыдэнта. Маўляў, яму не хапіла сабраных галасоў выбаршчыкаў. Касьянаў павінен быў выстаўляцца як адзіны кандыдат ад дэмакратычнай апазыцыі.

Наш камэнтар: У рамане Булгакава “Майстар і Маргарыта” паплечнікі Сатаны гукалі са сцэны аркестру пасьля завяршэньня свайго яркага падманнага шоў: “Маэстра, зайграйце вальс Штраўсa!” Пад бадзёрую музыку публіка разьбягалася ў розныя бакі. Строі, задарма падораныя шулерамі, зьнікалі. Грошы, што сыпаліся з-пад столі, ператвараліся ў пустыя паперкі. ЦВК апошнімі днямі таксама трубіла аб тым, што дзесяткі тысячаў подпісаў, сабраных групай Касьянава, ёсьць фальшыўкай. Але ўсё гэта ня больш чым фармальная зачэпка. Пуціністы выкідваюць з дарогі нават адыёзнага “адзінага кандыдата” Касьянава (названага ў народзе “Міша два процента” за любоў да карупцыi). На вачах аслупянелага сьвету (які столькі гадоў цешыўся пагаданкамі пра “дэмакратыю ў Расеі” і “энэргічнага лідэра Пуціна”) Сатана правіць баль у стомленай маразмам імпэрыі.

Юрка Марозаў