ЧЭШСКАЯ ГАЗЭТА “MLADA FRONTA DNES”

28 студзеня 2008 г. Чэшская газэта “Mlada Fronta Dnes” паведаміла пра сьмерць былога інданэзійскага дыктатара Сухарты. СМІ ўсяго сьвету называюць яго “супярэчлівай постацьцю”. Газэта піша, што дыктатар кіраваў краінай, як мафійны клан. З другога боку людзі называлі яго “Бацькам разьвіцьця”, бо ён вывеў краіну з галечы і хаоса 1960-х гадоў і правёў шэраг рэформаў. У 1965 г. ён арганізаваў здушэньне камуністычнага путчу. У 1998 г. Сухарта вымушаны быў сысьці ў адстаўку ў выніку пратэстаў (ядром народнага супраціву была інданэзійская моладзь).

Наш камэнтар: Многія ўспамінаюць таксама, як малады Сухарта ўдзельнічаў у вайне за незалежнасьць Інданэзіі ад нідэрляндскіх каляніялістаў (1945-49 гг.). Ён камандваў батальёнам, а пазьней зрабіў кар'еру ў нацыянальнай арміі. Стракатае жыцьцё шэрагу тыранаў наводзіць на пэўныя развагі. Усе яны (Мусаліні, Чаўшэску, Кадафі etc.) былі або ёсьць няшчасьцем для свайго народу. Але ніхто зь іх не будаваў сваю палітычную кар'еру на зьнішчэньні нацыянальнай мовы, культуры, на растаптаньні ўсяго роднага і выключным служэньні чужынскай імпэрыі. Ленін са Сталіным — не з таго шэрагу, бо цяжка вызначыць іхнае нацыянальнае паходжаньне. У гэтым сэнсе прамаскоўская дыктатура на Беларусі ёсьць трагічна ўнікальнай зьявай. Антынародны рэжым будуецца на блюзьнерстве з усяго беларускага, нацыянальнага і сьвятога — на плянамерным вынішчэньні нашай мовы і культуры, на абылганьні нашай гісторыі. Гэты рэжым кіруецца з варожай сталіцы чужой імпэрыі. Рэжымныя “патріотіческіе речі о успехах незавісімой Белоруссіі” — гэта фальшывая маска, якой прыкрываецца сапраўдная сутнасьць антынацыянальнай палітыкі прамаскоўскай хунты.

Алесь Хадасевіч