ЛУБЯНСКІ ЛУБОК

Расейскае тэлебачаньне паказала 26 студзеня тэлесюжэт, прысьвечаны былому амбасадару Вялікай Брытаніі ва Узбэкістане Крэйгу Мюрэю. Ён быў рабіў бліскучую кар'еру ў сваім міністэрстве. Паехаў у трывожны Узбэкістан, дзе разьмясьціліся вайсковыя базы НАТО ў сувязі з антытэрарыстычнай апэрацыяй у суседнім Аўганістане. У 2004 г. амбасадар стаўся героям шэрагу скандалаў. Ён зблытаўся з даўганогай стрыпцізёршай з ташкенцкага клюба для заходнікаў. Потым стаў рабіць антыамэрыканскія і антызаходнія заявы. У кастрычніку 2004 г. яго ўрэшце звольнілі з працы ў міністэрстве. Вярнуўшыся з стрыпцізёршай у Лёндан, Мюрэй разьвёўся з жонкай і пакінуў сямью. “Мюрэй і ягоная каханая апынуліся ў цяжкой матэрыяльнай сітуацыі.” — драматычна пракамэнтавала тыя падзеі расейскае тэлебачаньне. — “Зульфія вымушана была пайсьці ў стрыпцізёршы ў адзін з лёнданскіх клюбаў... Але ўжо праз дзьве гадзіны каханы забраў яе адтуль...” Яны, аднак, пакутвалі нядоўга. Аднекуль узяліся грошы. У хуткім часе будзе надрукавана кніга ўспамінаў Зульфіі пра сумеснае жыцьцё з Мюрэям. Рэкляма анансавала, што “там будзе шэраг інтымных падрабязнасьцяў...” Сам экс-дыплямат (хутчэй — сэкс-дыплямат) рэгулярна выступае на мітынгах, “ізоблічает” палітыку лёнданскага ўраду і “ваеншыну ЗША”...

Трэба прызнаць, што Лубянка хватка арганізавала “наш ответ Чемберлену”. Мабыць, апэрацыю пад крыптонімам “Стрыптыз-Ташкент” будуць цяпер вывучаць як клясіку ў цэнтрах ФСБ. Брытанцу падсунулі ня толькі экзатычную цацку “для інтымных падрабязнасьцяў”, але і салідны ганарар (а хутчэй узялі на стаўку у “органы”). Далі столькі грошай, што заходнік адвярнуўся ад сямьі, айчыны і гонару. Яшчэ адзін лорд упісаны ў клюб маскоўска-заходняй камарыльлі імя канцлера Шродэра.

Янка Базыль