АЖЫВАЕ РАСЕЙСКІ МІЛІТАРЫЗМ
19 студзеня тэлевядучыя на расейскіх каналах сядзелі вясёлыя і аптымістычныя. Першай расейскай навіной ў шэрагу навінаў былі не чарговы падпал дому для старых людзей з масавымі ахвярамі і не чарговы выбух бытавога газу на правінцыі, а “гром победы раздавайся”. Бадзёрымі галасамі тэлекарцінка паведамляла ўсяму сьвету, што ў Атлянтыцы пачаліся вялікія сумесныя вучэньні Паўночнага і Чарнаморскага флётаў. Кур'ёзна гучала ўся гэтая шавіністычная пераможная рэляцыя. Нібыта расейцы ўрэшце патапілі самураяў пад Цусімай альбо яшчэ што. Падкрэсьлівалася, што “такого похода не было с 1991 года, когда рассыпался союз...” Можна было паціснуць плячыма. Але ў той жа дзень у Маскве зрабіў сваю публічную заяву начштаба РФ Балуеўскі (засьведчаны махальшчык мілітарысцкай дубінай). Ён паабяцаў, што “Расея пакідае за сабой права зрабіць прэвэнтыўны ядзерны ўдар у выпадку пагрозы сваёй бясьпецы альбо сваіх хаўрусьнікаў”. Сказана вельмі празрыста і адназначна. Заходнія прыстасаванства і дурасьць адкрылі дарогу вяртаньня шалёнай гэбоўскай Расеі да палітыкі імпэрскага рэваншу.
Юрка Марозаў