СКОРА БУДЗЕ 99

24 студзеня 2008 г. Аўстрыйская газэта “Der Standard” публікуе артыкул пад тытулам “Back in the USSR” (з ірачным падтэкстам аўтар выкарыстоўвае назву папулярнай некалі ангельскай эстраднай песьні — “Назад у СССР”). Цытуем па тэксьце: “У тое, што калі-небудзь Расея стане паўнавартаснай дэмакратыяй, цынічныя эўрапейцы ў адрозьненьні ад многіх амэрыканцаў сапраўды ня верылі. Тым часам гэты погляд на справу пацьвярджаецца практыкай Пуціна, які бесперапынна адкідвае ўсе дэмакратычныя спосабы”. Газэта нагадвае, як з перадвыбарчай гонкі выштурхоўваюць былога прэм'ера РФ Касьянава. Аўстрыйцы разумеюць, што Касьянаў ня можа перамагчы. Цытуем: “Мэтай ёсьць дасягненьне даўніх савецкіх 99% на выбарах. Але побач з гэтым фарсам зноў ажывае былы савецкі апарат здушэньня”. Газэта нагадвае таксама пра нядаўняе абвяшчэньне расейскай пракуратурай камітэту Задзіночаньня маці Беслана “экстрэмісцкай арганізацыяй”. Цытуем: “Пуцінская сістэма надта баіцца, што могуць зьявіцца нават бязмоцныя крытыкі. Усё, як у Савецкім Саюзе”.

Наш камэнтар: Вось як сталі ўжо пісаць і думаць некаторыя людзі ў Аўстрыі. Вельмі сваечасовым было б таксама прызнаньне аўстрыйцамі тупіковасьці арганізаванай Берлінам і Масквой антыбеларускай дзейнасьці М. Марыніча і ягоных маскоўскіх гаспадароў у Вене (пра гэта мы пісалі на старонцы pbpf.org).

Юрка Марозаў