УСПАМІНЫ ПРА КАЙЗЭРА
18 студзеня 2008 г. Нямецкая газэта “Sueddeutsche Zeitung” публікуе шэраг фотаздымкаў і кароткіх камэнтароў, прысьвечаных апошняму кайзэру Нямеччыны Вільгельму ІІ. Кайзэр любіў падарожнічаць і апранацца ў розныя касьцюмы. Прадстаўлены фота, дзе ён паказаны нават у мундзірах расейскага генэрала і турэцкага пашы. Ёсьць таксама аматарскі здымак, на якім кайзэр са сьвітай топчыцца каля нідэрляндскай мяжы, чакаючы дазволу падацца на выгнаньне пасьля паразы Нямеччыны ў І Сусьветнай вайне ў лістападзе 1918 г. Ён жыў у Нідэрляндах да сваёй сьмерці ў 1941 г., калі невялікую краіну акупавалі нямецкія фашысты.
Наш камэнтар: Безумоўна, найбольш цікавы з усяго шэрагу згаданы аматарскі здымак. Вядома, што кайзэр не вызначаўся ані высокім розумам, ані вайсковым талентам. Але любіў тэатральныя эфэкты. Калі ў 1914 г. яму паведамілі аб пачатку вялікай вайны, Вільгельм сьвяткаваў з афіцэрамі лейб-гвардзейскага палка традыцыйны дзень “белых булак і чырвонага віна”. Панове афіцэры запівалі белыя булкі чырвоным віном і жартавалі, іграла музыка. Кайзэр адмахнуўся ад драматычнай весткі — “якія драбніцы!..” З вялікімі ахвярамі і ў выніку цяжкай барацьбы народы здолелі разграміць германскіх агрэсараў. На апошнім пасяджэньні галоўнага штаба Вільгельм, аднак, патрабаваў, каб “жаўнеры да канца выканалі свой абавязак перад фатэрляндам...” Адзін з генэралаў ня вытрымаў і нагадаў, што “ўсё гэта цяпер лухта...” Пачалася Нямецкая рэвалюцыя. Кайзэр кінуўся ратавацца ў Нідэрлянды. Яго ўрэшце ўпусьцілі ў нэйтральную краіну. То была “дастойная сустрэча”. Паабапал чыгункі ягоны цягнік сустракалі тысячы бэльгійскіх уцекачоў, радзіму якіх растапталі немцы. Яны кідалі ў вагон з кайзэрам камяні, махалі кулакамі і выказвалі ўсё, што думалі пра яго і германскую нацыю. Аматар фарсу ўрэшце напоўніцу зрабіўся галоўным героям фарсавага шоў.
У Маскве і ў Менску на працягу шэрагу гадоў таксама дзейнічаюць два аматары пампезных пастановак, вырабленых уніформаў, сцэнічных жэстаў і манумэнтальных заяваў (успомнім “мухі-катлеты”, “я свой народ за цывілізованным мірам не паведу...” і г.д.). Яны — пэрсанажы адной школы “лубянскай клясікі”. Яны ўжо натварылі шмат зла і заяўляюць пра пляны яшчэ большага зла. Але канец іхны будзе такі ж мізэрны і злавесны, як і ў Вільгельма.
Алесь Хадасевіч