БАЎГАРСКІЯ ТАВАРЫШЫ І МАСКВА

18 студзеня 2008 г. Дацкая газэта “Berlingske Tidende” піша пра візыт Пуціна ў Баўгарыю. Маскоўскі госьць здолеў пераканаць баўгарскага прэзыдэнта С. Станішава будаваць праз тэрыторыю Баўгарыі газаправод. Па ім расейцы зьбіраюцца пераганяць паліва з сваіх чарнаморскіх портаў у Паўднёвую Эўропу і нават далей. Кошт праекту — 10 мільярдаў эўра. Выконваць яго будзе хаўрус з “Газпрома” і італьянскага канцэрна ENI.

Наш камэнтар: Усё робіцца дзеля таго, каб газаправод не праходзіў праз тэрыторыю Украіны і Беларусі. З баўгарскімі і італьянскімі товарішчамі (і там, і там пры ўладзе камуністы, перафарбаваныя ў сацыялістаў) Масква спадзяецца на вялікі прыбытак і імпэрскую стабільнасьць. Шмат хто ў мінулым спрабаваў разбагацець на халопскім служэньні інтарэсам Масквы (ня важна, што гэта заўсёды выдавалася як свой нацыянальны інтарэс). Для народаў такія экспэрымэнты заўсёды заканчваліся вельмі драматычна. Але падобна, што ў баўгараў сапраўды кароткая памяць. У сувязі з прыездам маскоўскага цара па ўсёй краіне разгорнута прарасейская эйфарыя. Знайшлі й нагоду: а менавіта 130-годдзе вызваленьня Баўгарыі з турэцкай няволі (вайна 1877-78 гг.). Паўсюль транспаранты, выставы, гуканьне прапаганды: “русскіе героі, русскіе освободілі, без русскіх просто нікак...” Трэба нагадаць баўгарскім таварышам, што ў той вайне пад расейскай камандай мужна змагаліся за іхную волю дзьве тысячы эстонцаў. Трэба нагадаць пра беларускія і ўкраінскія палкі, пра таленавітага генэрала той вайны беларуса Іосіфа Гурку, пра ахвяры і подзьвігі нашага народу. Мабыць, для баўгарскіх сацыялістаў усё гэта “лірыка”. Яны — “прагматычныя дзеячы”. Дык трэба нагадаць ім таксама, чым скончыцца для іх падпісаньне дамовы з маскоўцамі на пабудову атамнай станцыі на іхнай зямлі. “Братья навек” пабудуюць ім атамны кацёл з бракаваных дэталяў, назьбіраных па заходніх сьметніках (так, як яны робяць цяпер у беларускай энэргетыцы). А калі здарыцца бяда, засьпяваюць папулярную пры Сталіне песьню: “Хороша страна Болгария, а Россия лучше всех...”

Юрка Марозаў