ПАЗБАЎЛЯЮЦЦА АД ІМПЭРСКАГА СЬМЕЦЬЦЯ
Улады Кіева прынялі пастанаўленьне аб ачыстцы ўкраінскай сталіцы аб антыўкраінскага сьмецьця. Будуць дэмантаваны ўсе 18 помнікаў Леніну на тэрыторыі горада, а таксама зьменены назвы 60 вуліцаў. Нам. мэра Кіева Сяргей Рудык патлумачыў, што Ленін аніразу ня быў у Кіеве, нават не праязджаў праз гэты горад. А што да назоваў вуліц, то будуць пераназваны вуліцы, якія носяць цяпер імёны зьнішчальнікаў украінскага народу і асобаў, што ня маюць ніякога дачыненьня да Украіны.
Мяркуем, што наступным па чарзе павінен бы быць Менск. Праўда, у нашым горадзе Ленін быў! У 1905 годзе, едучы на эміграцыю ў Швайцарыю, “вождзь” выйшаў з вагона на нашым вакзале, каб купіць піражкі. Такую гістарычную падзею антыбеларускі рэжым “не позволіт оскверніть”... А калі сур'ёзна, то барацьба за гісторыю працягваецца і на Украіне. Мэр Севастопаля Сяргей Куніцын (прызначаны на пасаду прэзыдэнтам Юшчанкам) даў распараджэньне паставіць на цэнтральнай плошчы горада помнік гэтману Украіны Сагайдачнаму (вялікі дзеяч Украіны 17 стагоддзя, пераможца над туркамі і маскалямі). А прамаскоўскі гарадскі савет Севастопаля прыняў рашэньне паставіць на гэтым месцы помнік А.С. Пушкіну. Не хапіла фантазіі у кіеўскіх “товарішчей”. Ім трэба было б паставіць у Кіеве на ленінскіх пастамэнтах 18 помнікаў Пушкіну.
Янка Базыль