ДЗЕЦІ БЯЗ МОВЫ

16 cтудзеня 2008 г. Польская газэта “Rzeczpospolita” піша пра брытанскіх дзяцей і падлеткаў. Чацьвёра з пяці малых брытанцаў жывуць, не адрываючыся ад тэлевізара і кампутара. Гэта замяняе ім калыханку маці, сустрэчы з сябрамі і ўсё астатняе.

Наш камэнтар: У высокаразьвітых краінах вырастае ўжо цэлае пакаленьне, якое жыве ў віртуальным інтэрнэт-сьвеце. Нэўрозы, сур'ёзныя псіхічныя хваробы і адхіленьні — тыповая зьява для гэтай моладзі. На вялікі жаль, мы назіраем гэтую зьяву і ў беларускіх гарадах. Многія бацькі закупляюць кампутарныя цацкі (“развіваюшчіе ігры”, паводле масавай рэклямы) ужо з самага малога ўзросту, калі дзіця мусіць яшчэ бегаць боса па траве і пазнаваць рэальны навакольны сьвет.

Але пагадзіцеся, што ў нас гэтая праблема яшчэ больш драматычная. У брытанскіх дзяцей і падлеткаў (ва ўсіх дзяцей Эўропы) застаецца моцная альтэрнатыва. Для кожнага ўзросту і кожнага захапленьня ў эўрапейскіх краінах выдаюцца тысячы і тысячы кніг на родных мовах, школа вучыць іх зноў жа на роднай мове. У нас беларускія кнігарні даўно ператвораны ў “магазіны русской кнігі”. Таленавітыя беларускія пісьменьнікі і ілюстратары яшчэ ствараюць кніжкі па-беларуску для самых малых дзяцей. Але і гэтыя выданьні маюць мізэрныя наклады — па 2-3 тысячы асобнікаў (нават пры саветах наклады беларускай дзіцячай літаратуры былі па 20-30 тысячаў асобнікаў). Робіш крок ад паліцы “Кнігі для самых маленькіх” і сутыкаешся з патопам расейскай макулатуры, завезенай з усходняй імпэрыі і нават надрукаванай у РБ. Тут усе казкі і папулярная раманістыка для юных, пераклады ўсёй клясікі і гарыпотэраў. Расейшчына агрэсіўна выціскае беларускую мову з нашага кніжнага сьвету.

У беларускіх дзяцей амаль не застаецца выбару, яны вымушаны карыстацца маскоўскім “траянскім канём”. Вядома, што антыбеларускі рэжым душыць усе памкненьні беларускіх пісьменьнікаў, выдаўцоў, перакладчыкаў і ілюстратараў, якія на працягу літаральна некалькіх гадоў забясьпечылі б нашых дзяцей кнігамі на роднай мове. Некаторыя беларусы вымушаны самастойна ствараць альтэрнатыву для сваіх дзяцей. Яны накіроўваюць сваіх малых у мясцовыя польскія клюбы, каб дзіця навучылася чытаць і разумець па-польску, а потым чытала б польскія кнігі. А дома з дзецьмі размаўляюць па-беларуску. Усё, каб вырвацца з палону маскальшчыны.

Алесь Хадасевіч