“ПАЖАР РЭЙХСТАГА”
11 студзеня 2008 г. “Sueddeutsche Zietung” паведамляе, што фэдэральная пракуратура ФРГ зьняла абвінавачваньні з грамадзяніна Нідэрляндаў Марыюса ван дэр Любэ. 10 студзеня 1934 г. яго пакаралі сьмерцю ў Берліне, абвінаваціўшы ў падпале Рэйхстага. Справядлівасьць была адноўлена роўна праз 74 гады. Падзеі вакол гэтага пажару даўно сталіся хрэстаматыйнымі. 30 студзеня 1933 г. гітлерцы перамаглі на парляманцкіх выбарах, Гітлер стаў канцлерам Нямеччыны. Ужо 27 лютага 1933 г. запалаў сам нямецкі парлямант — Рэйхстаг. Справа ў тым, што насоўваліся новыя выбары ў Рэйхстаг, прызначаныя на 5 сакавіка 1933 г. Пажар паслужыў гітлерцам як зачэпка для ўвядзеньня жорсткай дыктатуры, забароны палітычных партыяў, грамадзкіх арганізацыяў, прафсаюзаў і пачатку маштабных палітычных рэпрэсіяў. Адбыўся шумны працэс над Ван дэр Любэ (нідэрляндскім камуністам, які працаваў у Рэйхстагу цесьляром). Абвінавачваньні былі пабудаваны на паказаньнях сябра гітлерскай партыі. Ужо ў сакавіку 1933 г. незалежная брытанская камісія прышла да высновы, што цясьляр ня мог сам падпаліць вялікі будынак (гэты чалавек меў толькі 30% зроку), а пажар наладзіла сама гітлерская эліта.
Наш камэнтар: Акт справядлівасьці (няхай сабе і вельмі запозьнены), безумоўна, трэба ацэноваць у станоўчым пляне. Таксама як і высьвятленьне яшчэ адной дэталі даўніх гістарычных падзеяў. Цікава, што апошнім часам шэраг людзей, якія назіраюць за актуальнымі падзеямі ў Расеі, кажуць пра непазьбежнасьць “пажару Рэйхстага” на маскоўскі капыл у бліжэйшы час і адпаведных наступстваў. Сапраўды, падобна, што у маскоўскай эліты няма іншага выйсьця.
Юрка Марозаў