“АТКУДА ДЕНЬГІ?”

9 студзеня запомніцца турыстычнаму бізнэсу на Беларусі як “крывавая нядзеля”. Рэжым афіцыйна паведаміў, што “в інтересах трудяшчіхся” цяпер падатковыя ворганы будуць настойліва цікавіцца ў беларускіх турыстаў: а адкуль гэта ў іх грошы на падарожжа. Зьезьдзіць такі турыст у Тайланд ці Эгіпет, а на зваротным шляху ў аэрапорце яго ўжо чакаюць падатковыя чыны з мехам і кайданкамі. На інтэрнэт-старонках ужо разьвіваюць тэорыю пра тое, як беларускі турыст будзе выкручвацца з гэтай сітуацыі. Ён перш за ўсё будзе зьвяртацца па пуцёўкі і паслугі ў Маскву і Кіеў. Гэта азначае канчатковы крах мясцовых турфірмаў РБ (беларускімі іх ніяк не назавеш). Турфірмы РБ ужо лемантуюць. Але ўсё лагічна. Яны, праўда, вазілі нашых людзей па розных краінах і морах, але культурны ўзровень абслугі быў такі дзікі і правінцыйна-расейскі, што адукаваным беларусам было дзіўна, як гэта ўсё існуе. Па загаду рэжыма гэтыя турфірмы актыўна займаліся арганізацыяй міжнароднай прастытуцыі на Беларусі, завозячы цэлыя самалёты кліентуры з заходніх краінаў і мабілізуючы мясцовых жанчын. Дарэчы, новая “рэформа” бье таксама і па грамадзянах, якія дамагліся грошай, прыстасаваўшыся да антыбеларускага рэжыму, жылі “весела і ня лезьлі ў палітыку”. Пятля зашморгваецца ўсё больш шчыльна на шыі прыстасаванцаў.

Янка Базыль