СТУДЗЕНЬСКІ СОЙМ БЕЛАРУСКАГА НАРОДНАГА ФРОНТУ “АДРАДЖЭНЬНЕ” І КАНСЭРВАТЫЎНА-ХРЫСЬЦІЯНСКАЙ ПАРТЫІ — БНФ
13 студзеня сёлета ў Менску адбыўся чарговы Сойм Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ. Сойм заслухаў выступ старшыні Партыі і Фронту сп. Зянона Пазьняка, “Агульныя каштоўнасьці, яднаньне сваіх” (публікуецца).
З дакладам аб становішчы ў краіне выступіў намесьнік старшыні сп. Сяргей Папкоў. Сёлета наш народ будзе адзначаць дзьве важныя даты: 90-я ўгодкі ўтварэньня Беларускай Народнай Рэспублікі (1918) і 20-я ўгодкі пачатку змаганьня Беларускага Народнага Фронту (1988). Патрыёты Беларусі працягваюць барацьбу за Бацькаўшчыну, нашу культуру і мову. Колькі разоў (як і цяпер) ненавісьнікі і акупанты нашай краіны заяўлялі, што “беларусаў ужо няма” — але наш народ жывы, змагаецца і будзе жыць у сваёй дэмакратычнай і незалежнай дзяржаве.
Гістарычны досьвед і сучасныя аб’ектыўныя працэсы дэманструюць нам, што фрагмэнтацыя расейскай імпэрыі непазьбежная. Імпэрыя ня мае будучыні. Не выпадкова менскія “палатнікі” заявілі нядаўна, што трэба сьпяшацца падпісваць “канстытуцыйны акт аб саюзнай дзяржаве”. Бо, маўляў, яшчэ трошкі, і не застанецца нікога ў Беларусі, хто падтрымліваў бы так званае “зьяднаньне Беларусі з Расеяй”. Вельмі шчырае прызнаньне прадстаўнікоў прамаскоўскага рэжыму. Яны сьпяшаюцца і цалкам магчыма, што сёлета беларусам трэба будзе супрацьстаяць маштабнай антыдзяржаўнай правакацыі. Рэжым рыхтуе сваю прамаскоўскую “аб’яднаную апазыцыю” да наступных выбараў. Падстаўныя дзеячы ужо пачынаюць заклікаць грамадзтва да “удзелу ў выбарах”. Сцэнар адпрацоўваецца такі ж, як і на папярэдніх выбарчых шоў. Трэба нагадаць нашаму грамадзтву, што гэта тупіковы шлях, і толькі байкот павінен быць формай змаганьня супраць выбарчай фальсіфікацыі.
Выступілі таксама сябры Сойму з розных рэгіёнаў краіны. Яны паведамілі пра пералом у настроях насельніцтва. Апошні пагром рэжымам індывідуальнага прадпрымальніцтва закрануў вельмі многіх людзей, пераканаў іх у тым, што рэжым выконвае праект чужой дзяржавы, зацікаўленай у эканамічным аслабленьні Беларусі. Пацьверджаньнем гэтаму зьявілася сёньняшняя інфармацыя з Масквы. Адміністрацыя расейскай сталіцы заявіла аб пляне завозу ў Маскву толькі ў 2008 г. 300 тысячаў “гастарбайтэраў з бліжняга замежжа”. Зразумела, адкуль імпэрыя зьбіраецца пампаваць працоўную сілу. Гэтым матар’ялам павінны стацца нашыя экнамічна актыўныя людзі. Нашаму грамадзтву трэба салідарна абараніцца ад гэтай разбуральнай і варожай маскоўскай палітыкі. Але і прадпрымальнікі павінны зразумець, што разам з усім народам трэба абараняць незалежную Беларусь, не спадзявацца на міласьць уладаў і не слухаць дэмагогаў, якія кажуць: “Только нам не надо нікакой політікі...”
Сябры Сойму паведамілі пра маштабны крызіс у беларускай энэргетыцы. У апошнія гады з Расеі на Беларусь паступаюць выключна неякасныя і бракаваныя камплектуючыя абсталяваньня для энэргетычных установак і прадпрыемстваў. Расейскімі вытворцамі парушаны элемэнтарныя нормы вытворчасьці: высокаякасная сталь заменена нізкаякаснай, парушана геамэтрыя формаў абсталяваньня і г.д. Такое абсталяваньне ня толькі псуецца праз кароткі час, але і пагражае сур’ёзнымі аварыямі. Беларускія спэцыялісты выязджалі на расейскія прадпрыемствы, каб высьветліць прычыны гэтай тэхналягічнай дзікасьці. Аказалася, што расейцы за бясцэнак закупляюць аварыйнае бракаванае абсталяваньне літаральна на сьметніках заходне-эўрапейскіх прадпрыемстваў, у сябе ў Расеі афармляюць яго як сваю вытворчасьць і прадаюць на Беларусь. На прэтэнзіі беларусаў расейская дырэкцыя засьмяялася і заявіла: “Куда вы без нас денетесь?” Тэхналягічныя піраты ведаюць, што за эканамічнай бязглузьдзіцай стаіць палітычная залежнасьць Беларусі ад імпэрыі. Вядома, што менавіта расейскія тэхналягічныя злачынцы распрацоўваюць праект і зьбіраюцца будаваць атамную станцыю на Беларусі. Наш народ павінен абараніць сваю зямлю ад новага Чарнобылю.
Быў абмеркаваны таксама плян мерапрыемстваў, прысьвечаных угодкам БНР.
Інфармацыйная камісія Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ
13 студзеня 2008 г.