МАДЭЛЬ З “АПАЗЫЦЫЯЙ”

28-29 сьнежня пачуліся водгукі расейскага выбарчага шоў. Б. Нямцоў раптам назваў будучыя прэзыдэнцкія выбары ў Расеі “балаганам” і зьняў сваю кандыдатуру. Трэба прызнаць, што побач з Пуціным-Медведевым у сьпісе кандыдатаў на прэзыдэнта РФ застаецца яшчэ шэраг “апазыцыянэраў”: Жырыноўскі, Зюганаў, Касьянаў. Расейскай публіцы будзе з каго “выбіраць”, абы на выбарчыя ўчасткі публіка пайшла.

Сьмешнай і мізэрнай выглядае мітусьня былога савецкага дысідэнта Ул. Букоўскага. ЦВК РФ у пяты раз афіцыйна заявіў яму, што яго не дапускаюць кандыдаваць на прэзыдэнта РФ. Букоўскі бегае па маскоўскіх судах і ўсё дамагаецца “праўды і справядлівасьці”. І гэтая асоба напісала некалькі кніг пра разьвіцьцё рэжыму КГБ у Расеі!

Беларусам не надта была зразумела лёгіка дзіўных паводзінаў гэтага “клясіка”. Але вось з Захаду пачалі паступаць зьвесткі пра тое, што Букоўскі мабілізуе лібэральныя і праваабарончыя структуры і арганізацыі ў розных краінах. Ня маючы ніякай падтрымкі ў расейцаў, ён заклікае да стварэньня “шырокай арганізацыі па барацьбе за рускую дэмакратыю”, зьбірае подпісы ў розных эўрапейскіх гарадах. Пакуль што не відаць, якая канцэпцыя і ідэалёгія ў гэтага неіснуючага руху. Але трэба прыгадаць тое, што дэлегацыя Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” пачула на міжнароднай канфэрэнцыі ў Польшчы (чэрвень 2007 г.) у заявах Букоўскага і яшчэ некалькіх савецкіх дысыдэнтаў даўняй пары (Гарбанеўская, Падрабінэк): “Мы, конечно, на выборах не победим. Но зарегистрируемся, будем участвовать. Призовём население России голосовать. Будем активно работать с людьми, используя эту возможность. Нашим знаменем является известный узник совести Михаил Ходорковский, брошенный режимом в застенки...” Гэтыя асобы пад “знаменем Ходорковского” надта ж нагадалі нам “кааліцыю” з вінцучкоў-лебедько пад кіраўніцтвам камуніста Калякіна і пад “знаменем Казуліна”. Букоўскі ўсё больш становіцца падобным на мясцовага Мілінкевіча. У выніку іхнай дзейнасьці многія людзі сапраўды пайшлі на гэбоўскія псэўдавыбары “галасаваць за дэмакратыю” (якая “конечно на выборах не победит...”) і забясьпечылі чарговую “перамогу” гэбоўскаму рэжыму. Цяпер яны актыўна мабілізуюць наіўных заходнікаў (якія ні ў чым не разьбіраюцца), зьбіраюць подпісы і капіталы пад чарговую імітацыю барацьбы. Адпрацаваная на Беларусі лубянская мадэль з падстаўной псэўдаапазыцыяй ў чарговы раз прышчэпліваецца на прасторах Расеі.

Янка Базыль