ІХ ЦЯГНЕ Ў 37-Ы

У пераднавагоднія дні расейскія тэлеканалы разгарнулі стракатае шумавіньне, дэманструючы “беззаветное счастіе дорогіх россіян”. У адным месцы адкрылі новы мост, у другім Дзед Мароз прыехаў да дзяцей, начальнік ФСБ Патрушаў “закончіл обустройство кавказкой граніцы”, — усе скачуць і сьмяюцца. Адным словам, вяртаецца фальшывы аптымізм, знаёмы старэйшым пакаленьням па сталінскай і брэжняўскай эпохах. Упершыню за шэраг пасьлягарбачоўскіх гадоў 28 сьнежня на расейскім тэлеканале ў рамках пераднавагодніх карнавалаў быў выкананы сталінскі хіт “Широка страна моя родная”. Хаця было заўважана вельмі грунтоўнае стылістычнае наватарства рэжысёраў і выканаўцаў. У 1937 годзе хіт выконвала калёна мажных камсамолак у гімнастычных трыко, якое выразна абцягвала іхныя маладыя целы (дэманстраваўся “нардычны тып” у савецкім варыянце). Цяперашнія выканаўцы апрануты ў фальклёрныя расейскія строі. Пад гармонікі, балалайкі і бубны жанчыны-матрошкі тупаюць па сцэне і выводзяць з гіканьнем: “Я другой такой страны не знаю, где так вольно дышит человек, хэ-хэ-опа-а-а...” Зьмяніліся часы, крамлёўская гэбельсаўшчына добра разумее, што над камсамолкамі ў трыко цяперашняя моладзь проста рагатала б да сьлёз. Пад імпэрскія фанфары “возрожденія русского духа” арганізатары “сацыяльнага аптымізму” скарэктавалі мэлас і плястыку. Але тэкст пакінулі той жа самы — з 1937-га года.

Янка Базыль