ПРЫЗНАНЬНЕ Ў ПАРАНОЙІ

10 студзеня 2007 г. Французкая газэта “Le Monde” піша пра экспансію расейскага “Газпрома” у шырокім сьвеце. Агрэсіўнасьць наступу газэта тлумачыць тым, што адміністрацыйную раду “Газпрома” узначальвае Медведев — “будучы прэзыдэнт Расеі...” Апошнім часам “Газпром” напалохаў заходнія кампаніі ўламаньнем на газавы рынак у Нігерыі, дзе расейцы паспрабавалі ўзяць пад кантроль усю газаздабычу. Газэта нагадвае таксама, што Захад вельмі напалохаўся, калі два гады таму Расея перакрыла доступ газу на Украіну і паставіла пад пагрозу энэргазабесьпячэньне Заходняй Эўропы. Тады, аднак, з прапановай паставак газу выступіў Алжыр (дзе раней урад не дапусьціў ўмяшаньня расейцаў). Газэта прапануе Захаду ў сувязі з гэтай сітуацыяй “прыняць выклік і не ўпадаць у параною”.

Наш камэнтар: На наш погляд, згаданы дыягназ значна запозьнены. Пік паранойі прышоўся на 1990-я гады, калі на Захадзе хоры аматараў “таямнічай рускай душы” сьпявалі пра “неабсяжныя прасторы рускага рынку” і адгружалі туды свае капіталы і тавары. Цяперашняя трывога сьведчыць аб тым, што каласальны мафійны падман і цынічны зьдзек з заходніх партнёраў на “неабсяжных прасторах” як быццам нечаму ўжо навучылі аматараў-харыстаў.

Юрка Марозаў