КОЖНАЕ ЗЛО МАЕ СВОЙ КАНЕЦ

29 сьнежня 2007 г. Румынская газэта “Adevarul” публікуе анталогію здымкаў часоў сьнежаньскай рэвалюцыі 1989 года. На першым фота людзі ўглядаюцца ў неба, дзе пралятае верталёт з дыктатарам Чаўшэску, які уцякае са свайго палаца. Потым паказаны сцэны вулічных баёў. Паўсюль наперадзе маладыя жаўнеры і афіцэры арміі, якая далучылася да народнага паўстаньня, студэнты, рабочыя. Праваслаўныя сьвятары разам з народам, вядуць душпастырскую працу. Дзеўчыны перавязваюць параненую сяброўку. Асобны відэашэраг прысьвечаны сцэнам народнага гневу. Жаўнеры разьбіраюць патроны, каб расстраляць злоўленага Чаўшэску. Дыктатар трусіцца і патрабуе “справядлівага суда”. Народ і армія адлоўліваюць паўсюль ненавісных “секурыстаў” (румынскае гэбэ).

Наш камэнтар: Новае пакаленьне беларусаў ня памятае румынскую трагедыю. Цяпер беларуская моладзь любіць езьдзіць на чарнаморскія пляжы ў Румынію і ня надта задумваецца над тым, што перажыў яшчэ зусім нядаўна гэты гаротны народ. Прамаскоўская камуністычная дыктатура была страшылкай нават для савецкіх людзей брэжнеўскай эпохі. Здавалася, што румынскаму кашмару ня будзе канца, што народ заўжды будзе існаваць у растаптаным стане. Але кожнае зло мае свой канец. Струхнелы рэжым пасыпаўся пад ударамі румынскага народа, які не захацеў ўжо цярпець над сабой гнюсную пачвару.

Юрка Марозаў