ПАЛІТЫЧНАЯ МІФАЛОГІЯ

29 сьнежня 2007 г. Аўстрыйская газэта “Der Standard” публікуе артыкул пад тытулам “Пуцінскія вынікі: непрадказальнасьць сістэмы”. У тэксьце ў чарговы раз паўтараецца “статыстыка”, зьлепленая крамлёўскай гэбельсаўшчынай і распаўсюджаная ў сьвеце: маўляў, 81% расейцаў задаволены дзейнасьцю Пуціна, бальшыня народу падтрымлівае высунутага нядаўна Медведева і г.д. На прыканцы артыкула аўстрыйскі рэпарцёр зьвярнуўся да супрацоўніцы маскоўскага Цэнтру Карнэгі Ліліі Шевцовой. Яна намалявала такі партрэт эпохі: “Пуцін лепш за іншых палітыкаў здолеў гэнэрыраваць міф стабільнасьці. Ён здолеў дэзарыентаваць усіх і зьдзівіць ня толькі Расею, але і ўвесь сьвет. Пасьля Сталіна Пуцін першы, хто глядзіць на Захад зьверху ўніз і адначасова мае там павагу да сябе. Непрадказальнасьць зьяўляецца прыладай пуцінскай улады”.

Наш камэнтар: Той, хто добра знаёмы з расейскай гісторыяй, прадугледжвае, аднак, правальны фінал міфалагічнай дзеі ў лубянскай імпэрыі

***

Перад думскімі выбарамі расейскія СМІ ярка апісвалі маёмасьць кандыдата Пуціна: стары аўтамабіль, старая кватэра ў Піцеры, сярэдніх памераў крамлёўскі заробак і г.д. Адным словам, партрэт “непадкупнага і аскетычнага фюрэра”. Але 19 сьнежня на Захадзе нечакана выбухнула сэнсацыя (якую “наўпрост” не заўважылі расейскія СМІ і расейская ж “апазыцыя”). Брытанская газэта “Гардзіан” надрукавала матэр'ял саветолага Станіслава Бялкоўскага, які прадставіў грамадзтву шакіруючыя факты. Бялкоўскі ацэньвае прыватны капітал Пуціна ў 40 мільярдаў даляраў. Грошы ў асноўным ляжаць у швайцарскіх і нямецкіх банках. Пуцін таксама корміцца з акцыяў “Газпрома” і шэрагу іншых пасьпяховых кампаніяў. І гэтым не абмяжоўваецца маёмасьць “непадкупнага”. Разгорнута яшчэ адна старонка расейскай фальшыўкі.

Алесь Хадасевіч