ВОЛЬНЫ ПРАЕЗД

25 сьнежня 2007 г. Польская левая газэта “Trybuna” піша пра пашырэньне бязьвізавай шангенскай зоны. 400 мільёнаў эўрапейцаў у 24 краінах цяпер свабодна перасоўваюцца па кантынэнце на дыстанцыі ў 4 тысячы кілёмэтраў. Газэта апісвае, як на памежных пераходах людзі весяліліся, сьвяткуючы адмену праверак і візаў. Дзяржначальства перакульвала памежныя шлагбаўмы. А на італьянска-славенскай мяжы міністры перапілавалі шлагбаўм нажоўкай...

Наш камэнтар: Беларусы яшчэ больш грунтоўна адсунутыя ад гэтага агульнаэўрапейскага сьвята. Цяпер мяжа цывілізаванай Эўропы яшчэ больш выразна і адназначна праходзіць па заходняй і паўночнай межах нашай краіны. Нават для ўкраінцаў Эўразьвяз зрабіў шэраг ліберальных паслабленьняў. Яны нават плаціць за шангенскія візы будуць у два разы менш за беларусаў.

Як вядома, менскія падстаўныя (Мілінкевіч, Івашкевіч і інш.) зрабілі чарговае шоў з гэтай тэмы. Яны распаўсюджваюць улётачкі з расейскімі тэкстамі пра “кто хочет ездить без визы, борись с нами...” і засьвечваюцца, дзе могуць, з небеларускімі сінімі сьцягамі. Трэба нагадаць, што цяперашняя свабоды і цяперашнія правы эўрапейскія народы заваявалі ў доўгай барацьбе пад нацыянальнымі сьцягамі за волю сваіх айчынаў, за свае культуры і мовы.

Алесь Хадасевіч